28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Эфект адваротны»: У Берасці на акцыю пратэсту выйшла рэкордная колькасць людзей

15
«Эфект адваротны»: У Берасці на акцыю пратэсту выйшла рэкордная колькасць людзей

Жыхароў горада абурыла тактыка чыноўнікаў Мінпрыроды.

Ад 250 да 300 чалавек выйшлі 9 снежня на плошчу Леніна ў Берасці на традыцыйнае кармленне галубоў на знак пратэсту супраць будаўніцтва побач з горадам акумулятарнага завода «АйПауэр», паведамляе «Брестская газета».

За больш як 9 месяцаў завуаляваных акцый пратэсту, што праходзяць на плошчы, гэта рэкорд паводле колькасці ўдзельнікаў. Затрыманняў ні падчас, ні пасля кармлення галубоў не было.

Асноўнай тэмай сустрэчы супраціўнікаў завода стала сустрэча ў Мінпрыроды з ініцыятыўнай групай.

«Думаю, людзі мелі надзею, што сустрэча з міністрам наблізіць нас да прыпынення будаўніцтва і забароны эксплуатацыі гэтага акумулятарнага завода. Яе вынікі расчаравалі і нават раззлавалі берасцейцаў. На мой погляд, чыноўнікі хочуць «пераседзець» гэты пратэст. Але эфект адваротны: чым больш праходзіць часу, тым больш берасцейцаў злуе тое, што ўлады на ўсіх узроўнях не жадаюць лічыцца з людзьмі», - пракаментаваў «БГ» такую вялікую колькасць людзей на плошчы праваабаронца Раман Кісляк.

З тым, што прычынай небывалай колькасці людзей на кармленні стала сустрэча ў Мінпрыроды 5 снежня, згодная і прадстаўніца ініцыятыўнай групы ў барацьбе з заводам Лада Яраш.

«Паколькі падманулі з выдачай запісу, які можна было б праслухаць і зразумець, якая пазіцыя міністэрства ў гэтай сустрэчы, людзі прыйшлі ў надзеі сустрэць тых, хто там быў і непасрэдна пачуць іх уражанні і каментары. Цягам такога працяглага часу ў людзей, якія цікавяцца пытаннем завода, несумненна склаўся давер у дачыненні каментароў Дзям'яна Лепясевіча і Дзмітрыя Бекалюка што да падзей, якія адбываюцца», - мяркуе яна.

Як раней пісала «БГ», з пачатку года ў Берасці разгарнулася кампанія супраць з'яўлення ў СЭЗ «Брэст» акумулятарнага завода «АйПауэр». Цягам усяго гэтага часу ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі ўвесь час кажуць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта. Прадстаўнікі завода, прыродаахоўных арганізацый і чыноўнікі запэўніваюць, што асцярогі марныя і парушэнняў няма.

Пачынаючы з 5 сакавіка кожную нядзелю супраціўнікі завода выходзяць на плошчу Леніна пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць будаўніцтва ў СЭЗ «Брэст» акумулятарнага завода. Толькі аднойчы ім дазволілі сабрацца і пратэставаць - мітынг «Берасцейкі супраць свінцу» прайшоў 29 красавіка ў парку ваяроў-інтэрнацыяналістаў і сабраў блізу 2 000 чалавек. Наступным шматлікія заяўкі на правядзенне мітынгаў і пікетаў супраць завода былі пакінутыя без задавальнення.

Запуск акумулятарнага завода поўнага цыклу вытворчасці першапачаткова быў запланаваны на жнівень 2018 года, потым на канец гэтага года. З апошніх звестак, першая партыя акумулятараў будзе выпушчаная ў пачатку новага года. Магутнасць прадпрыемства на пачатковым этапе складзе 1 млн акумулятараў на год, а пасля будзе павялічаная ўдвая.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках