Раскамнагляд пачаў праверку ВВС
2- 21.12.2018, 14:07
- 8,285
Тэлеканал правяраюць на «адпаведнасць расейскаму заканадаўству».
Раскамнагляд абвясціў аб праверцы ў дачыненні да тэлеканала BBC World News. Пра гэта гаворыцца на сайце ўстановы, паведамляе РБК.
Прычынай для праверкі стала сітуацыя, звязаная з пастановай брытанскага рэгулятара Ofcom аб парушэнні каналам RT правілаў вяшчання, растлумачылі ў Раскамнаглядзе. Пад праверку патрапяць таксама рэсурсы канала ў інтэрнэце.
Гаворка ідзе аб праверцы «на прадмет адпаведнасці апублікаваных матэрыялаў расейскаму заканадаўству», падкрэслілі ва ўстанове.
У сваю чаргу прадстаўнік ВВС заявіў РБК, што карпарацыя падае аўдыторыі незалежную інфармацыю і выконвае расейскае заканадаўства, як і ва ўсіх астатніх краінах.
У Крамлі ў каментары пастановы Раскамнагляду адзначылі, што ў шматлікіх установах у Маскве назапасіліся пытанні да працы ВВС. Яны, напрыклад, тычацца асвятлення падзей у Расеі і Сірыі ў «запраграмаваным і ангажаваным» выглядзе.
Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава праверку Раскамнагляду пракаментавала словамі «даўно пара». У сваім акаўнце ў Facebook яна адзначыла, што многія карэспандэнты ВВС з'яўляюцца прафесіяналамі і выконваюць абавязкі добрасумленна. Аднак «грубае ўмяшальніцтва» ўладаў Вялікай Брытаніі ў працу расейскіх СМІ «не пакідае іншага выбару, акрамя люстранога адказу», адзначыла Захарава.
Згодна з рэестрам Раскамнагляду заснавальнікам расейскага тэлеканала BBC World News з'яўляецца ТАА «Брытыш Тэлевіжн», якая на 99% належыць ТАА «Універсал Камунікацыянс». Адзіным уладальнікам гэтай кампаніі, як вынікае са звестак АДРЮА, з'яўляецца Леанід Лазоўскі. Выдадзеная «Брытыш Тэлевіжн» ліцэнзія Раскамнагляду на тэлевяшчанне дзейнічае да 3 верасня 2022 года.
Звязацца з Леанідам Лазоўскім на момант публікацыі не ўдалося.
Прадстаўнік Раскамнагляду Вадзім Ампелонскі адмовіўся адказаць на пытанне РБК, ці закрануць кантрольныя мерапрыемствы рэгулятара партнёра Расейскай службы ВВС - тэлеканал «Дождь». Выпускі ВВС выходзяць на «Дожде» двойчы на дзень па буднях. Асноўная ўладальніца і гендырэктарка «Дождя» Наталля Сіндзеева паведаміла РБК, што Раскамнагляд не адпраўляў ёй апавяшчэнняў аб правядзенні праверак.
20 снежня медыярэгулятар Вялікай Брытаніі Ofcom абвясціў, што знайшоў у дзеяннях тэлеканала RT парушэнні правілаў бесстароннасці, у тым ліку пры асвятленні атручвання Сяргея і Юліі Скрыпалёў у Солсберы, сітуацыі ва Украіне і вайны ў Сірыі. Ofcom сцвярджае, што вясной гэтага года канал парушыў правілы вяшчання сем разоў за шэсць тыдняў.
Цяпер у адпаведнасці з раздзеламі Ofcom пра санкцыі за парушэнне ліцэнзіі на вяшчанне рэгулятар можа накласці штраф (£250 тысяч, або 5% ад умоўнага даходу вяшчальнай кампаніі) альбо адклікаць ліцэнзію на вяшчанне (гэта крайні захад). Таксама рэгулятар можа накласці забарону на паўтор у эфіры якой-небудзь перадачы або патрабаваць выпусціць перадачу з выпраўленнем ці тлумачэннем.
У RT заявілі, што расследаванні наконт вяшчання праводзіліся ў асноўным «на ініцыятыву самога рэгулятара, а не гледачоў», а Ofcom не да канца ўлічыў аргументы, прыведзеныя самім тэлеканалам падчас праверак.
Расследаванні брытанскага медыярэгулятара пачаліся ў красавіку гэтага года. Тады пасольства Расеі ў Вялікай Брытаніі назвала праверку ціскам на RT, якая «абавязкова паўплывае на свабоду прэсы ў Вялікай Брытаніі».
Паводле звестак Ofcom, аўдыторыя RT у Вялікай Брытаніі складае 3,4 тысячы гледачоў у кожны момант часу цягам дня і дасягае агулам 1% дарослых брытанцаў на тыдзень.