У Брэсце ў верасні зацвіла акацыя
- 17.09.2026, 20:39
Фотафакт.
У Брэсце ў сярэдзіне верасня другі раз за год зацвіла акацыя. Звычайна гэта дрэва цвіце напрыканцы мая — на пачатку чэрвеня, піша Tochka.by.
Незвычайную з'яву заўважыла мясцовая жыхарка Жанна ў мікрараёне Усход на Гродзенскай вуліцы і сфатаграфавала дрэва. Яна адзначыла, што апошнім часам у Беларусі расліны нібыта «блытаюцца» з парамі года: раней у Брэсце паўторна зацвіталі каштаны і бэзы.
Прычынай гэтай з'явы, паводле меркавання спецыялістаў, магло стаць анамальнае надвор'е. Вясной, калі расліны павінны былі актыўна развівацца і цвісці, усталяваліся спёка і засуха. З-за недахопу вільгаці частка пупышак перайшла ў стан спакою.
Калі пазней пагодныя ўмовы палепшыліся, гэтыя пупышкі «прачнуліся» і пачалі развівацца, але ўжо са значнай затрымкай. Таму некаторыя дрэвы і зацвітаюць паўторна восенню.
На незвычайны рытм раслін могуць уплываць і гарадскія ўмовы. Асфальт і бетон назапашваюць і аддаюць цяпло, таму ў горадзе дрэвы знаходзяцца ў іншай тэмпературнай серадзе, чым у прыродзе.