17 верасня 2026, Чацвер, 21:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: даляр будзе расці на фоне зніжэння расейскага рубля

Экспэрт: даляр будзе расці на фоне зніжэння расейскага рубля

Прагноз курсу беларускага рубля на тыдзень з 28 студзеня да 1 лютага.

Магчымае павелічэнне сярэднеўзважанага курсу даляра на БВФБ у межах 0-0,5% на фоне росту курсу еўра і зніжэння курсу расейскага рубля. Такая дынаміка можа назірацца і ў панядзелак 28 студзеня, піша экспэрт Уладзімір Тарасаў для belrynok.by.

Прагназаванага зніжэння сярэднеўзважанага курсу даляра на БВФБ на мінулым тыдні не адбылося, бо курс еўрапейскай валюты супраць амэрыканскай на рынку Форэкс нечакана ўпаў, а вартасць валютнага кошыка з даляра, еўра і расейскага рубля ўзнялася. У выніку сярэднеўзважаны курс даляра за тыдзень вырас на 0,1%, дасягнуўшы 25 студзеня 2,1516 рубля за даляр.

Сярэднеўзважаны курс еўра за тыдзень знізіўся на 0,6% і склаў 25 студзеня 2,4364 рублёў за еўра.

А сярэднеўзважаны курс расейскага рубля ўзняўся на 0,8% - да 3,2661 беларускіх рубля за 100 расейскіх.

Пры гэтым вартасць валютнага кошыка з даляра, еўра і расейскага рубля павялічылася на 0,3%. Сума біржавых таргоў валютамі на мінулым тыдні склала 49,5 млн рублёў у сярэднім за дзень супраць 58,3 млн рублёў на папярэднім тыдні.

На гэтым тыдні магчымае павелічэнне сум таргоў валютамі на біржы, што ўжо з'яўляецца традыцыйнай з'явай для канца месяца. Што да вартасці валютнага кошыка, то пакуль, адрозна ад мінулага года, складваецца тэндэнцыя да працягу яе росту, хоць яшчэ не ясна, чым гэта выклікана. Таму і на гэтым тыдні будзем чакаць яе павелічэння на 0-0, 5%.

Курс даляра ў дачыненні да еўра

Да паслаблення еўра супраць даляра на рынку Форэкс на мінулым тыдні прычыніліся збольшага дзве падзеі, якія сталіся нечаканымі для ўдзельнікаў рынку.

Па-першае, брытанская прэм'ер-міністарка Тэрэза Мэй не скарысталася магчымасцю змяніць свой план выхадзе краіны з Еўразвязу. 21 студзеня яна прэзэнтавала ў Палаце супольнасцяў брытанскага парламента практычна той жа план, які быў адкінуты там 15 студзеня. Падобна да таго, што яна наважыла пакінуць парламенту толькі два варыянты: прагаласаваць за ейны план або выйсці з ЕЗ наогул без якога-небудзь пагаднення. Але, мяркуючы з рэакцыі апазіцыйных партый, шантаж у яе не выйдзе, і на галасаванні 29 студзеня план зноў будзе адкінуты.

У сувязі з гэтым курс брытанскага фунта, а за адным скрыпам з ім і еўра супраць даляра на пачатку гэтага тыдня можа зноў апынуцца пад ціскам. Аднак калі затым Тэрэза Мэй ўсё-ткі памяняе сваю пазіцыю, або Палата супольнасцяў здалее прыняць нейкую пастанову ў абыход ўрада, гэта падтрымае еўра.

Па-другое, удар па еўра нанёс кіраўнік Еўрапейскага Цэнтральнага банка Марыё Драгі, які 24 студзеня паведаміў, што ЕЦБ змяніў сваю ацэнку сітуацыі ў еўразоне і цяпер мяркуе, што рызыкі на карысць запаволення эканамічнага росту ў рэгіёне пераважаюць. Пасля такой заявы курс еўра на рынку Форэкс апускаўся да 1,13 даляра за еўра.

Але 25 студзеня курс еўра на рынку Форэкс імкліва вырас і крыху перасягнуў узровень 1,14 даляра за еўра. Гэта было выклікана арыштам былога дарадцы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа - рэспубліканца Роджэра Стоўна, ажыццёўленым у рамках расследавання справы аб змове з Расеяй. Акрамя таго, міністр фінансаў ЗША Стывен Мнучын паведаміў, што на перамовах з Кітаем абмяркоўваецца і пытанне аб курсе юаня, што таксама націснула на даляр.

Праўда, 25 студзеня часова выпала развязаць праблему шатдаўна: да 15 лютага фінансаванне ўрада адноўленае. Затым Дональд Трамп паабяцаў аднавіць шатдаўн зноў або ўвесці надзвычайнае становішча.

29-30 студзеня адбудзецца чарговае пасяджэнне ФРС. Змены ставак на ім не чакаецца, але могуць быць зробленыя новыя неспадзяваныя заявы, хоць, мабыць, ФРС выявіць асцярожнасць і пастараецца не паведамляць нічога новага.

У сувязі з гэтым на гэтым тыдні магчымыя моцныя ваганні курсу еўра супраць даляра ў дыяпазоне 1,13-1,15 даляра за еўра. Гэта значыць, сярэдняя змена за тыдзень цалкам можа быць блізкая да нуля (у дачыненні да ўзроўню закрыцця таргоў 25 студзеня).

Курс расейскага рубля ў дачыненні да даляра

Як і чакалася, курс расейскага рубля на Маскоўскай біржы на мінулым тыдні вырас, бо экспарцёры прадавалі валюту, каб заплаціць падаткі. У выніку курс даляра на біржы апусціўся ніжэй за ўзровень 66 рублёў за даляр, хоць і ненадоўга. Пік выплат прыпаў на 25 студзеня, але ў гэты дзень Банк Расеі наважыў спыніць умацаванне рубля і паведаміў пра свой намер пачаць з 1 лютага набываць валюту для Мінфіна, якую ён не купіў у канцы 2018 года. Гэта дадаткова да той валюты, якую ён купляе з 15 студзеня на 15,6 млрд. рублёў за дзень (у сярэднім).

На дадатковае набыццё валюты ЦБ накіруе 2,8 млрд. рублёў за дзень, што прыкладна адпавядае 42,5 млн даляраў. І гэтыя набыткі Банк Расеі мерыцца здзяйсняць прыкладна на працягу 36 месяцаў. Пры гэтым у ЦБ падкрэслілі, што гэтыя набыткі могуць быць прыпыненыя ў выпадку ўзнікнення пагрозы фінансавай стабільнасці.

Такім чынам, Банк Расеі прадэманстраваў рынку, што ён ладзіцца не дапусціць падзення курсу даляра ніжэй за ўзровень 66 рублёў за даляр.

Аднак на гэтым тыдні расейскі рубель можа падтрымаць рост кошту нафты на сусветным рынку ў сувязі з падзеямі ў Вэнэсуэле, у якой лідар апазіцыі Хуан Гуайдо абвясціў сябе выканаўцам абавязкаў прэзідэнта. Яго падтрымліваюць ЗША ды іхнія хаўруснікі. У ЗША абмяркоўваюцца планы больш цвёрдых дзеянняў, сярод іншых, магчымасць блакады нафтавага экспарту з Вэнэсуэлы. Калі гэта адбудзецца, то цана нафты можа значна вырасці.

Такім чынам, на гэтым тыдні можна чакаць ваганняў курсу даляра на Маскоўскай біржы каля ўзроўню 66 рублёў за даляр.

Курс беларускага рубля ў дачыненні да даляра

Калі зробленыя вышэй прагнозы ў дачыненні да ўзаемных курсаў валют спраўдзяцца, то сярэднеўзважаны курс даляра на БВФБ на гэтым тыдні будзе мяняцца ў значных межах, але ў выніку ў сярэднім можа вырасці толькі на 0-0,5%.

Прагноз на панядзелак 28 студзеня

На рынку Форэкс курс еўра ў дачыненні да даляра ў другой палове гандлёвага дня 25 студзеня павялічыўся прыкладна на 0,7% і дасягнуў 1,1406 даляра за еўра.

У той жа час, курс даляра на Маскоўскай біржы ў другой палове 25 студзеня вырас прыкладна на 0,5% - да 66,0575 рублёў за даляр.

Гэтыя рухі курсу даляра ў рамках кошыка валют прыкладна кампенсуюць адзін аднаго, таму на адкрыцці таргоў на БВФБ 28 студзеня курс даляра можа застацца амаль без змены на фоне зніжэння курсу расейскага рубля і ўздыму курсу еўра.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках