Міністр-камуніст Карпенка: У Беларусі не памыліліся, адмовіўшыся ад экзаменаў у пятыя класы гімназій
20- 6.01.2019, 21:39
- 21,368
Міністр адукацыі заявіў, што плануе зраўнаваць сельскія школы, ліцэі і гімназіі.
У Беларусі не памыліліся, адмовіўшыся ад дабору школьнікаў у пятыя класы гімназій у выніку экзаменаў, заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка у інтэрв'ю праграме «Тыдзень» тэлеканала СТВ, паведамляе tut.by.
«Мы ўпэўненыя ў гэтай пастанове. Хто сёння кажа, што трэба стварыць сістэму дабору больш матываваных, больш таленавітых дзяцей і для гэтага адзіны спосаб - іспыт, крывіць душой. Сёння кожны добры педагог бачыць дзіця, наколькі яно выяўляе сябе, наколькі яно мае цягу да той або іншай дысцыпліны. Атэстацыя - толькі нязначная частка, якая ў пэўнай ступені паказвае нейкі вынік», - адзначыў Карпенка.
Ён дадаў, што варта ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі стварыць «сістэму роўных магчымасцяў для ўсіх дзяцей», якія навучаюцца і ў малакамплектнай сельскай школе, і ў ліцэях і гімназіях Менска.
«Не сказаў бы, што быў вялікі ажыятаж (вакол паступлення ў гімназіі - заўвага). Нават у Менску не было глабальных праблем, звароты да нас былі адзінкавыя і разглядаліся ў працэсе паступлення. Год-два, і гэтая тэма сыдзе з паласы навін. Фактычна мы зраўнавалі магчымасці для вывучэння на павышаным узроўні дысцыплін для агульнаадукацыйных школ і гімназій», - падрахаваў міністр.