Коўл ехаў у Беларусь зусім не дзеля гэтага
2- Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»
- 17.09.2026, 15:23
- 2,334
Чаму перамовы ў Мінску скончыліся вызваленнем толькі 25 палітвязняў.
Мінулую суботу я казаў табе, што хтосьці насамрэч не хоча ніякай вялікай здзелкі з Трампам, а хоча шмат маленькіх. Але я не меў на ўвазе, што гэтая здзелка будзе настолькі маленькая. Бо вызваленне 25 закладнікаў — гэта ўвогуле ніякая не здзелка.
Як сказаў Коўл, гэта быў такі жэст добрай волі. І я ўвогуле згодны, што пасля таго, як яны паўгода абмяркоўвалі здзелку, гэта сапраўды жэст. І, шчыра кажучы, я думаю, што калі б Коўл ведаў, што яму будуць паказваць такія жэсты, ён бы сюды проста не паехаў.
А ён за гэтым і не ехаў. Ведамыя людзі кажуць, што акрамя 25 закладнікаў, якіх выслалі ў Літву, мусілі вызваліць яшчэ 170, якіх абяцалі пакінуць у Беларусі. Вось вызваленне 200 закладнікаў — гэта тая маленькая здзелка, якую я меў на ўвазе. І калі Коўл ехаў у Беларусь, ён ехаў, каб вызваліць 200 закладнікаў. А яму паказалі жэст… Ну, хай будзе добрай волі.
Але звярні ўвагу, што яшчэ ў пятніцу хтосьці не збіраўся паказваць ніякіх жэстаў. Яшчэ ў пятніцу хтосьці казаў, што ён гатовы з Трампам хоць да вялікай здзелкі, хоць да маленькай. І казаў не проста так. Тыя ж ведамыя людзі распавядаюць, што некаторых сваякоў выклікалі ў сераду, каб яны забралі сваіх з турмаў.
То бок, калі Коўл вылятаў у бок Беларусі, усё было гатова да нейкай здзелкі. І мы нават прыблізна ўяўляем, якой. Але ўсё змянілася літаральна ў апошні дзень, калі Коўл ужо, можна сказаць, быў на парозе.
А цяпер прабач, прабач, я буду займацца ўсялякімі канспіралагічнымі здагадкамі. Ты ведаеш, звычайна я такім не займаюся. Але я тут сабе падумаў: а што такога здарылася ў гэты апошні дзень? І нічога не прыдумаў, акрамя як успомніць, што ў гэты апошні дзень у Літву прыляцеў дрон. Прычым прыляцеў не ўкраінскі дрон і не квадракоптар з цыгарэтамі, а канкрэтная расійская «Гербера».
І заўваж, што гэтым разам беларускія генералы не рабілі ў бок Літвы ніякіх жэстаў добрай волі. У сэнсе — не папярэджвалі, што да іх ляціць нешта дрэннае. Хаця, напрыклад, калі, бывала, расійскія дроны праз Беларусь ляцелі на Польшчу, беларускія генералы палякаў усё ж такі папярэджвалі.
А я табе ўжо звяртаў увагу, што дроны праз Беларусь у бок Літвы лятаюць не кожны дзень. За гэты год гэта быў усяго толькі пяты раз. І пагадзіся, гэта ўражлівае супадзенне, што баявы расійскі дрон прыляцеў у Літву якраз у той дзень, калі ў Літву прыляцеў Коўл.
Коўл, вядома, намёку не зразумеў і спакойна паехаў у Мінск. Ну дык не Коўлу і намякалі. (Тут, калі што, пачынаюцца канспіралагічныя здагадкі). І не толькі, я думаю, намякалі.
Думаю, старэйшы саюзнік канкрэтна патлумачыў малодшаму, што яго шашні з амерыканцамі не ўваходзяць у саюзніцкія вялікадзяржаўныя інтарэсы.
А «Герберай» па Літве — гэта была проста такая дэманстрацыя магчымасцяў. Якія там табе здзелкі — вялікія ці маленькія, калі ты нават сваю ўласную паветраную прастору не кантралюеш?
А калі ты не кантралюеш сваю ўласную паветраную прастору, то што яшчэ ў сябе ты не можаш кантраляваць? І хто насамрэч кантралюе тваіх генералаў?
Вось хтосьці на самай справе ўлоўіў намёк. І пасля двух дзён перамоваў з Коўлам зразумеў, што ні Коўл, ні Трамп не могуць гарантаваць яму ніякай персанальнай стабільнасці супраць саюзніка. Але каб Трамп канчаткова не пакрыўдзіўся і не забыў пра свайго беларускага шанавальніка, 25 закладнікаў ён усё ж такі вызваліў.
, дарэчы, не выключаю, што хтосьці можа вызваліць і больш. Але толькі так, каб не прыцягваць да гэтага працэсу шырокай грамадскай увагі. Бо, як мы з табой зноў пераканаліся, ніякіх сепаратных здзелак хтосьці сабе дазволіць не можа.
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»