20 красавiка 2024, Субота, 18:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі стварылі Раду даследчыкаў камуністычнага тэрору

14
У Беларусі стварылі Раду даследчыкаў камуністычнага тэрору
ФОТА: REUTERS

Пастанова аб стварэнні Рады была прынятая 13 кастрычніка на сустрэчы ў Менску.

Прадстаўнікі сталічных і рэгіянальных ініцыятываў для мемарыялізацыі месцаў масавага пахавання ахвяр сталінізму на сустрэчы 13 кастрычніка ў Менску аб'ядналіся ў калектыўную ініцыятыву з працоўнай назвай «Рада даследчыкаў камуністычнага тэрору», паведамляе tut.by са спасылкай на БелаПАН.

У сустрэчы ўзялі ўдзел каардынатар грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» Ігар Станкевіч, лідар грамадскай ініцыятывы «Хайсы» ў Віцебску Ян Дзяржаўцаў, даследчыкі пахаванняў і актывісты мясцовых ініцыятыў у мемарыялізацыі Алег Аксёнаў (Магілёў), Анатоль Аскерка (Барысаў), Мікалай Падгайскі (Баранавічы), кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мемарыялу «Курапаты» Алесь Чахольскі, актывіст ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» культуролаг Вацлаў Арэшка, лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, мастакі Алесь Марачкін і Генадзь Драздоў, шэраг абаронцаў Курапатаў. Сустрэчу мадэраваў сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

Цягам дзвюх гадзін прадстаўнікі ініцыятыў распавядалі адзін аднаму пра тую працу, якую яны праводзяць для ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, а таксама абмяркоўвалі, якім чынам яны могуць аб'яднаць свае намаганні і выпрацаваць адзіныя падыходы ў мемарыялізацыі месцаў масавых пахаванняў.

«Як бы мы хацелі ці не хацелі гэтага прызнаваць, пакуль не будзе палітычнай волі, не будуць рэальна адкрытыя архівы органаў. Рэальна мы не даведаемся, хто быў не толькі рэабілітаваны, але рэпрэсаваны наогул. Гэта адзін з кірункаў, паводле якога нам трэба супольна працаваць», - падкрэсліў Вацлаў Арэшка.

З ягоных слоў, большасць вядомых імёнаў тых, хто трапіў у лік ахвяр сталінскага рэжыму, - гэта «імёны рэабілітаваных, а такіх, на жаль, дагэтуль значна менш, чым было рэпрэсавана агулам».

«Асноўная крыніца, з якой мы даведаемся пра тое, хто і дзе быў арыштаваны, рэпрэсаваны, расстраляны, - гэта база звестак аб рэабілітаваных, - канстатаваў ён. - Такая база пачала складацца ў Беларусі ў 1990-я гады. Яна складалася амаль 10 гадоў архіўнай управай - была ў той час адліга, але потым улады прыкрылі гэтую справу».

«На гэты момант, наколькі нам вядома, гэтая база, якая спачатку была ў выглядзе картак, а пасля была кампутарызаваная, налічвае блізу 150 тысяч прозвішчаў. У параўнанні з агульнай колькасцю рэпрэсаваных у Беларусі гэта нават не меншая частка, а мізэрная. У свой час нашай арганізацыі ўдалося атрымаць значную частку гэтых звестак, сёння нам даступна блізу 80 тысяч прозвішчаў. Гэта і ёсць тыя прозвішчы, якія сёння гуляюць па інтэрнэце, па розных спісах і звестках», - дадаў ён.

Акрамя як зрахавацца з даступнай часткай базы рэабілітаваных, як сказаў актывіст ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў», ёсць яшчэ некалькі шляхоў, з дапамогай якіх можна даведацца пра лёс рэпрэсаваных. «Самы складаны» з іх, з ягоных слоў, ляжыць праз архівы Камітэта дзяржбяспекі, але запыты могуць рабіць толькі сваякі рэпрэсаваных.

«Ёсць магчымасць шукаць звесткі ў іншых краінах, - адзначыў культуролаг. - Архівы больш-менш адкрытыя, прычым не толькі ў тых краінах, якія вырваліся на волю. У свой час больш, чым у нас, магчымасцяў было ў Расеі. Цяпер з'явіліся магчымасці шукаць ва Украіне. Акрамя гэтага застаецца магчымасць апытваць людзей, што таксама можа нешта даць, і шукаць археалагічныя звесткі».

Акрамя пошуку імёнаў рэпрэсаваных, са слоў Арэшкі, прадстаўнікам ініцыятыў трэба выпрацаваць агульную канцэпцыю мемарыялізацыі і абароны месцаў пахаванняў ахвяр сталінскага рэжыму.

Ініцыятары стварэння Рады даследчыкаў камуністычнага тэрору дамовіліся наступным разам сабрацца ў другой палове студзеня 2020 года ў Менску ў больш шырокім складзе, а пасля праводзіць такія сустрэчы раз на некалькі месяцаў.

На наступным пасяджэнні прадстаўнікі новай ініцыятывы плануюць прыняць рэзалюцыі, а таксама сфармаваць каманду, якая зоймецца стварэннем сайта Рады, агульнай базы месцаў масавага знішчэння і пахавання ахвяр рэпрэсій, а таксама каляндар падзей.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках