18 лiпеня 2019, Чацвер, 19:13
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Юрыст: З кватэрамі ў Менску хочуць зрабіць тое самае, што і з «дармаедамі»

37

Чыноўнікі Лукашэнкі зноў наступаюць на старыя граблі.

У Беларусі так званая "палата прадстаўнікоў" прыняла ў першым чытанні новую рэдакцыю Жыллёвага кодэкса, якая робіць больш жорсткімі патрабаванні да ахвотных стаць у чаргу на жыллё ў сталіцы.

Сёння, каб маладой сям'і стаць у чаргу на жыллё ў Менску, ні ў аднаго з сужэнцаў не павінна быць нерухомасці ў сталіцы. Але новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса прадугледжвае, што цяпер у іх не павінна быць нерухомасці не толькі ў Менску, але і ў Менскім раёне.

Новыя абмежаванні для сайта Charter97.org пракаментаваў юрыст, прававы інспектар прафесійнага звязу РЭП, лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2017-ы год Леанід Судаленка:

– Прыняцце новага кодэкса стала лагічным прадаўжэннем палітыкі дзяржавы, якая цяпер праводзіцца ў адным напрамку – максімальнага згортвання ўсіх сацыяльных ільготаў.

Мы бачым, як моцна дзяржава «дапамагае» грамадзянам у рэалізацыі кватэрнага пытання. Цікавая геаграфія новых абмежаванняў. Чаму яны пастанавілі «прыціснуць» толькі Менскі раён? Маглі б упісаць туды адразу ўсю Менскую вобласць. Гэта лішні раз сведчыць, што мае месца паэтапнае выкананне плана згортвання сацыяльных праграмаў.

Спачатку пазбавілі магчымасці становіцца ў ільготную чаргу карэнных менчукоў, цяпер – жыхароў раёна, бо менавіта туды, у гарады-спадарожнікі, Лукашэнка думае рассяляць жыхароў сталіцы. Дзяржава адмаўляецца ад дапамогі грамадзянам, на такія праекты ў яе ўжо няма грошай.

– З юрыдычнага гледзішча – ці могуць людзі, якія страцілі чаргу на жыллё праз новы кодэкс, неяк змагацца за свае правы?

– Гэтая сітуацыя не новая. Згодна з Канстытуцыяй, у Беларусі не могуць прымацца законы, якія пагаршаюць становішча грамадзянаў. Але ў дзеяннях уладаў ужо стала аксіёмай тое, што напісанае ў Канстытуцыі заўсёды нівелюецца падзаконнымі нарматыўнымі актамі.

Давайце ўспомнім гісторыю з дэкрэтам аб «дармаедах». У Канстытуцыі прапісанае права беларусаў працаваць або не працаваць, а наўпрост цяпер гамяльчанка Марыя Тарасенка адстойвае ў судзе свой пазоў да раённай камісіі, якая, парушыўшы Асноўны закон, унесла яе ў спіс «дармаедаў».

Так і тут: паводле Канстытуцыі грамадзяне маюць права на ўласнасць, а дзяржава не толькі не спрыяе ім, але і пагаршае магчымасці для набыцця жылля ў сталіцы.

Чыноўнікі звыкліся, што Канстытуцыя існуе недзе далёка ад іх, сама сабой. І паўсюль ствараюць падзаконныя акты, якія ўскладняюць жыццё нашым грамадзянам.

Тут мы бачым паўтарэнне вядомай гісторыі: з кватэрамі ў Менску хочуць зрабіць тое самае, што і з «дармаедамі».

Таму я рэкамендую тым грамадзянам, якія страцяць цяпер магчымасць пабудаваць жыллё ў Менску, не спяшацца прызнаваць сваю паразу, звяртацца ў суд і адстойваць свае правы.

– Новы кодэкс быў прыняты на фоне чарговых заяваў Лукашэнкі пра тое, што «Менск не гумовы». Напрыклад, 11 сакавіка ён заявіў кіраўніку Менска Анатолю Сіваку: «20% насельніцтва жыве ў Менску, далей – нельга». Якую ацэнку Вы можаце даць падобным заявам?

– Гэта абсурд. Я зноў жа хачу нагадаць палажэнні Канстытуцыі, якія гарантуюць кожнаму беларусу права выбіраць месца жыхарства.

І любы грамадзянін павінен мець магчымасць самастойна, без дапамогі дзяржавы, вызначаць, дзе яму жыць. Калі нехта заўтра захоча стаць менчуком, ён мае поўнае права спакойна прыехаць у сталіцу, і ніхто не павінен ні на словах, ні з дапамогай розных падзаконных актаў чыніць яму ў гэтым перашкоды.

Хто сказаў, што два мільёны жыхароў для Менска досыць, а ўсё, што больш за два мільёны, трэба рассяляць у раёны? Што гэта – стварэнне гета для тых, каму не пашанцавала? Перакрываць кісларод тым, хто занадта позна надумаў памяняць месца жыхарства?

З прававога гледзішча такіх заяваў увогуле быць не павінна. Гэта проста выказаны ўголас абсурд, не больш за тое.

– Праз некалькі дзён пасля словаў Лукашэнкі пра «негумовы Менск» МУС накіравала яму на подпіс праект указа аб тым, што танныя кватэры ад УКБ павінны прадавацца праз аўкцыён. Гэта выпадковае супадзенне або мэтанакіраваная палітыка?

– Думаю, гэта азначае, што ўсе ўстановы, і ў першую чаргу МУС Шуневіча, пастанавілі паслухмяна ўзяць пад казырок і пачалі дзейнічаць у адпаведнасці з указаннямі Лукашэнкі.

Калі ён сказаў «Менск не гумовы – досыць», то для выканаўцаў розных узроўняў гэта падстава ствараць на месцах разнастайныя перашкоды людзям, якія хочуць набыць жыллё ў Менску.

Танныя кватэры ад УКБ былі для многіх пэўнага кшталту аддушынай на шляху да таго, каб стаць сталічнымі жыхарамі. Аўкцыён дэ факта азначае рост кошту. Людзям імкнуцца перакрыць максімальна ўсе шляхі, каб яны згаджаліся на перасяленне ў так званыя гарады-спадарожнікі.

Пры гэтым, як і ў выпадку з «дармаедамі», улады дзейнічаюць наўздагад, не задумваючыся, што парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзянаў. Яны проста спяшаюцца выканаць указанне, якое ім паступіла з адміністрацыі Лукашэнкі.

І зноў жа, як і ў сітуацыі з дэкрэтам аб «дармаедах», могуць наламаць дроваў у гэтым пытанні. Таму беларусам варта не здавацца, а абараняць свае правы.

Казна Лукашэнка пустая, сацыяльныя праграмы згортваюцца, і ў жаданні выканаць указы кіраўніка ягоныя чыноўнікі зноў наступаюць на тыя самыя граблі.

***

Калі вам спадабаўся артыкул, Вы можаце падтрымаць сайт Charter97.org наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:

Cпасылка:

https://www.paypal.com/cgi-bin/webscr?cmd=_s-xclick&hosted_button_id=WPS4NY975YGSS&source=url


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com