19 траўня 2026, aўторак, 18:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькасць эканамічна актыўнага насельніцтва РФ абрынулася рэкордна з пачатку стагоддзя

7
Колькасць эканамічна актыўнага насельніцтва РФ абрынулася рэкордна з пачатку стагоддзя
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

За год эканоміка РФ страціла больш за мільён працоўных рук.

Расейская эканоміка на ўсіх парах імчыцца ў дэмаграфічную яму. За мінулыя 12 месяцаў колькасць эканамічнага актыўнага насельніцтва ў краіне павалілася на 1 мільён 64 тысячы чалавек, паведаміў у аператыўнай ацэнцы Расстат.

На канец красавіка 2019 года працоўная сіла эканомікі (грамадзяне старэйшыя за 15 гадоў, якія не выйдуць на пенсію) складала 74,941 мільёна чалавек. Гэта 61,9% ад агульнай колькасці насельніцтва, якая летась таксама пачала скарачацца ўпершыню за 10 гадоў (на 86,7 тысячы чалавек), паведамляе finanz.ru.

«Гэткага рэзкага скарачэння працоўных рэсурсаў (у Расеі) у гэтым стагоддзі не назіралася», - адзначае дырэктар аналітычнага дэпартамента «Локо-Інвест» Кірыл Трэмасаў.

Штомесяц эканоміка губляе ў сярэднім па 80-90 тысяч рабочых рук, вынікае са звестак Расстата: у лютым іх было 75,143 мільёна (62,1% насельніцтва), у сакавіку стала менш на 138 тысяч (62% насельніцтва), а красавіку - яшчэ на 64 тысячы.

Менавіта сціскам працоўнай сілы, на якую цісне імклівае старэнне насельніцтва, тлумачыцца зніжэнне афіцыйнага беспрацоўя.

Колькасць занятых у эканоміцы таксама рэзка падае - на 908 тысяч чалавек за мінулы год. Гэта «максімальныя тэмпы з 2013 года», паказвае Трэмасаў. Але яны ўсё ж больш павольныя, чым хуткасць, з якой растае эканамічна актыўнае насельніцтва. Розніца - 156 тысяч чалавек за год - і ёсць скарачэнне беспрацоўя, пра які рапартуе Расстат.

Цікава тое, што, нягледзячы на гэтыя лічбы, колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных за апошнія 12 месяцаў вырасла на 59 тысяч чалавек, або 7,8%. «Рост апошняга паказчыка назіраецца ўпершыню з крызісу 2015 года», адзначае Трэмасаў.

Беспрацоўе ў Расеі ў красавіку 2019 года заставалася без змен на ўзроўні 4,7%. Узровень занятасці насельніцтва ацэньваецца ў 59%. З пункту гледжання фармальных лічбаў з рынкам працы ў РФ усё выдатна, але фактычна гэта далёка не так, кажа старэйшы аналітык ІАЦ «Альпары» Ганна Бадрова.

«Сваёй нізкай планкай паказчык беспрацоўя абавязаны велізарнай колькасці працоўных месцаў з няпоўнай занятасцю, а значыць, з паніжаным узроўнем аплаты працы. Звычайна гэта нерэнтабельныя вытворчасці і горадаўтваральныя прадпрыемствы, маральна і фізічна састарэлыя, але не падлягаюць закрыццю праз патрэбы ў захаванні працоўных месцаў хоць у якім-небудзь выглядзе», - кажа яна.

«Людзі фармальна занятыя, працаўладкаваныя, атрымліваюць нейкі заробак. Але на практыцы яны вымушаныя шукаць дадатковы заробак і ў асноўным ценявы», - дадае Боадрова.

Трывожна выглядае і тое, што хоць працоўныя рэсурсы скарачаюцца, патрэба прадпрыемстваў у новых супрацоўніках практычна не расце. У красавіку яна ўсяго толькі на 2,9% перавышала паказчык гадавой даўнасці.

Гэта мінімальны рост з 2015 года. «Сыход гадавой дынамікі гэтага паказчыка ў адмоўную вобласць, як правіла, заўсёды з'яўляецца індыкатарам эканамічнага спаду. Цяпер мы блізкія да гэтага», - папярэджвае Трэмасаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках