Мянчук у судзе працягвае барацьбу супраць АМАПу
14- 28.08.2019, 21:38
- 19,816
Дзмітрый Серада, у кватэру якога уварваўся АМАП, хоча вярнуць грошы за рамонт пасля пагрому.
Мянчук Дзмітрый Серада трэці год дамагаецца кампенсацыі за тое, што ў яго кватэру ўварваўся АМАП, які на вачах у жонкі і маленькай дачкі затрымаў яго з ужываннем сілы. У той жа дзень стала вядома, што Дзмітрый не мае ніякага дачынення да злачынства, у якім яго падазравалі. МУС адмаўляецца прызнаць віну, папрасіць прабачэнне і вярнуць сям'і грошы, выдаткаваныя на рамонт пасля таго, як байцы АМАПу выбілі шыбы, каб патрапіць у памяшканне. 27 жніўня ў судзе Заводскага раёна Менска пачаўся грамадзянскі працэс паводле гэтай справы, піша tut.by.
Дзмітрый Серада дагэтуль памятае падрабязнасці тае раніцы:
- Прачнуўся я ад шуму, падумаў: можа, столь падае? - успамінае ён. - Выбег у калідор, гляджу: трасецца дзвярная скрынка. Жонка з дзіцем спала ў іншым пакоі. У мяне шок, думаю, што гэта за бандыты. Паспрабаваў патэлефанаваць - тэлефон не працуе. Бягу на кухню - а там, за акном, хтосьці ў чорным спрабуе забрацца, крычыць на мяне. Я быў без акуляраў, не адразу зразумеў, што гэта міліцыя. Яны ж не тэлефанавалі ў дзверы, не спрабавалі нармальна зайсці. Я кінуўся да жонкі і дачкі, чую: акно разбіваецца, залятаюць мужыкі, пачынаюць гарлапаніць: «Тварам на падлогу!», а ў руках - зброя. Як мы гэта перажылі, гэта ўвогуле жах. Дачка, бедная, сядзіць, рукі наперад выставіла. За што затрымліваюць і што наогул адбылося, мне не патлумачылі. Ніякія дакументы не падалі. «Няма чаго было сваімі прычындаламі размахваць», - вось адзінае, што я тады пачуў і, вядома, нічога не зразумеў. Ніякага супраціву я не аказваў. Але мяне сілай затрымалі, потым яшчэ білі ў машыне. Пазней Дзмітрый даведаўся, што яго падазраюць у хуліганстве.
Напярэдадні жыхаркі Заводскага раёна паведамілі ў міліцыю, што сустрэлі ў парку эксгібіцыяніста. Але Дзмітрый у той дзень быў з сябрамі на рыбалцы, за 80 км ад Менску - гэта маглі пацвердзіць і сведкі, і звесткі мабільнага тэлефона: геалакацыя, званкі.
- За тры гады сем разоў то распачыналі крымінальную справу паводле факта злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (на падставе ч. 3 арт. 426 КК - караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў. - Заўвага), То адмаўлялі ў распачынанні, - кажа Серада. - Апошні раз Генпракуратура адказала, што супрацьпраўных дзеянняў не ўстаноўлена. Да мяне ўварваліся дадому, разбілі акно, вынеслі дзверы, мы з жонкай і дзіцем да псіхолага хадзілі, я на бальнічным 16 дзён быў, два дні мяне пратрымалі пад вартай - у выніку за гэта ніхто не адказаў.
У ліпені сёлета Дзмітрый падаў пазоў, каб праверку па ягонай справе ўсё-такі аднавілі. І суд стаў на яго бок.
- 19 жніўня мне паведамілі ў Следчым камітэце, што ў распачынанні крымінальнай справы адмоўлена, а на наступны дзень паведамілі, што прызначаная дадатковая праверка, - адзначыў у каментары Дзмітрый Серада. - Мяркуючы па адносінах да мяне, паўплывала нарада прэзідэнта з сілавікамі. Не ведаю, ці казаў ён пра мяне, успамінаючы, што, калі затрымліваюць, кладуць пысай у падлогу пры дзецях і цяжарных жонках, але вельмі на тое падобна.
Нагадаем, што казаў Лукашэнка на нарадзе з сілавікамі пра празмерную жорсткасць пры затрыманні:
- Ці бачыце, вяршыцелі лёсаў! Уварваўшыся ў дом пры дзецях, цяжарных жонках, пакласці чалавека пысай у падлогу, як у вас прынята казаць, заламаць рукі, паламаць некалькі рэбраў, і страсенне мозгу - гэта як мінімум.
Пакуль вырашаецца пытанне з распачынаннем крымінальнай справы, Дзмітрый і яго маці як уласнік кватэры звярнуліся ў суд з пазовам аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды - рамонт пасля «візіту» АМАПа каштаваў 280 рублёў.
- Дзверы не зачыняліся, балконныя дзверы былі разбітыя. Мне было вельмі страшна, нават не ў матэрыяльным плане, а ў маральным, - заявіла ў судзе маці Дзмітрыя, паведамляе spring96.org. - Нічога не сказана, ніякіх дакументаў, быў проста напад. Мы выклікалі міліцыю, яна прыехала, усё здымалі. Калі б я была ў той момант дома, у мяне здарыўся б інфаркт.
МУС пазоў не прызнае, пазіцыя ведамства: супрацоўнікі АМАПу дзейнічалі ва ўмовах апраўданай рызыкі.
- Па характарыстыках ад суседзяў Серада можа павесці сябе агрэсіўна, на яго паказалі пацярпелыя, і таму была прынятая пастанова аб сілавым затрыманні, - заявіў у судзе юрысконсульт ведамства.
- У МУС ёсць доступ да банка звестак, Серада не прыцягваўся да гэтага. Чаму проста не выклікалі ў міліцыю? - спытала суддзя.
Юрысконсульт не змог адказаць на гэтае пытанне.
- Чым пацвярджаецца, што супрацоўнікі распачалі ўсе магчымыя спосабы і меры, перад тым як дапусціць сілавое затрыманне Серады? - удакладніла суддзя.
Юрыст заявіў, што, паводле наяўнай інфармацыі, оперупаўнаважаны Нушчык паказваў пасведчанне і прасіў адчыніць дзверы.
Суд працягне разгляд грамадзянскай справы.