Сусветны патрыярх - Зяленскаму: Канстанцінопаль не будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы ПЦУ
- 9.08.2019, 21:19
- 8,974
Варфаламей I запэўніў Зяленскага, што Канстанцінопаль не будзе ўмешвацца ў справы Украінскай праваслаўнай царквы.
Сусветны патрыярх Варфаламей I на сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім напярэдадні на Фанары (Стамбул, Турцыя) заявіў што Канстанцінопаль не будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы Украінскай праваслаўнай царквы.
Як паведамляе Цензор.НЕТ, пра гэта гаворыцца ў Фэйсбуку Праваслаўнай царквы Украіны (ПЦУ), са спасылкай на аддзел прэсы і сувязяў Сусветнага патрыярхату.
«Як 1031 год таму мы з Канстанцінопаля далі вам хрышчэнне, так і цяпер мы далі вам незалежнасць, магчымасць для вашай Царквы несці сваё служэнне незалежна і без якога-небудзь умяшання звонку. Канстанцінопаль ніколі не будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы Украінскай праваслаўнай царквы. Яна цалкам незалежная і аўтакефальная», - сказаў Сусветны патрыярх на сустрэчы з Зяленскім.
Ён запэўніў, што з Канстанцінопаля Украінская царква будзе мець «толькі высокую абарону і нашы пастаянныя малітвы за поспех яе справы».
Як паведамлялася, 8 жнiўня Зяленскі сустракаўся з Сусветным патрыярхам Варфаламеем I у рэзідэнцыі на Фанары. Прэзідэнт Украіны паведаміў, што абмеркаваў з патрыярхам сітуацыю на Данбасе і пытанне вяртання Крыма, а таксама шэраг іншых актуальных тэм.
«Наша агульная каштоўнасць - жыццё чалавека. І гэта галоўнае для мяне, асабліва цяпер, калі я стаў прэзідэнтам Украіны. Улада не павінна ўмешвацца ў царкоўныя справы, я буду абараняць незалежнасць царквы», - сказаў Зяленскі на сустрэчы, паведамляе ягоныя словы прэс-служба кіраўніка дзяржавы.