25 красавiка 2024, Чацвер, 4:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каго з COVID-19 будуць шпіталізаваць, тэставаць і пераводзіць у рэанімацыю

2
Каго з COVID-19 будуць шпіталізаваць, тэставаць і пераводзіць у рэанімацыю
Фота: Reuters

Новы загад Міністэрства аховы здароўя.

Міністэрства аховы здароўя выдала новы загад з нагоды надання меддапамогі пацыентам з COVID-19 - №1106 ад 20 кастрычніка 2020 года. У ім, як і раней, прапісана, што трэба, каб паставіць дыягназ COVID-19, каго будуць шпіталізаваць, на які час тэставаць кантакты, піша tut.by. Што змяняецца для пацыентаў?

Каго цяпер будуць уважаць за інфікаванага COVID-19

Каб паставіць дыягназ COVID-19, дастаткова аднаго з гэтых крытэраў:

1) аднакратны станоўчы тэст ПЦР. Гэта вынік мазка з насаглоткі.

2) тыповая рэнтгеналагічная сімптаматыка (паводле звестак КТ), клінічная карціна, станоўчы тэст лабараторнай дыягностыкі (у тым ліку імунахімічнымі метадамі, маецца на ўвазе тэст на антыцелы).

3) адзін станоўчы тэст сералагічнай дыягностыкі (у тым ліку імунахімічнымі метадамі) у спалучэнні з клінічнай карцінай інфекцыі COVID-19 або адзін станоўчы тэст сералагічнай дыягностыкі (імунахімічнымі метадамі) пры адсутнасці клінікі (бессімптомная форма) у кантактаў першага ўзроўню.

У папярэднім загадзе №690 адсутнічаў момант аб тым, што дыягназ могуць паставіць пры адным станоўчым тэсце сералагічнай дыягностыкі (у тым ліку імунахімічнымі метадамі) пры адсутнасці клінікі (бессімптомная форма) у кантактаў першага ўзроўню. Цяпер ён прапісаны.

Пад сералагічнымі тэстамі маюцца на ўвазе тэсты на антыцелы.

Каго цяпер з COVID-19 будуць шпіталізаваць

Цяпер абавязкова будуць класці ў шпіталь:

1) пацыентаў з пнеўманіяй і адначасова інфекцыяй COVID-19 (або падазрэннем на інфекцыю COVID-19). Пры гэтым ступень цяжару плыні пнеўманіі ў спалучэнні з COVID-19 не ўдакладняецца;

2) пацыентаў з ускладненым або цяжкім цячэннем інфекцыі COVID-I9 пры наяўнасці фактараў рызыкі.

Фактары рызыкі — гэта ўзрост, старэйшы за 55 гадоў, наяўнасць хоць бы аднаго з гэтых захворванняў: марбіднае атлусценне (індэкс масы цела роўны або большы за 40), цукровы дыябет, хранічная кардыёваскулярная паталогія з сардэчнай недастатковасцю, хранічная паталогія лёгкіх (бранхіяльная астма, хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх, бронхаэктатычная хвароба, мукавісцыдоз і т .д.), злаякасныя пухліны, захворванне, лячэнне якога ажыццяўляецца з выкарыстаннем імунасупрэсіўных, глюкакартыкойдных лекавых сродкаў, трансплантацыя салідных органаў або касцявога мозгу, сухоты, вірусныя гепатыты, анкагематалагічныя і сістэмныя захворванні злучальнай тканіны

На папярэдні загад ад 1 ліпеня №690 шпіталізавалі ў выпадках:

1) сярэднецяжкай і цяжкай плыні COVID-19 (або падазрэнні на яе) пры наяўнасці фактараў рызыкі ці неабходнасці прызначэння прэпарату гідраксіхларахіну;

2) вострага рэспіратарнага дыстрэс-сіндрому з інфекцыяй COVID-19.

А адпаведна з больш раннім загадам №615 ад 5 чэрвеня 2020 года, у лякарню шпіталізавалі пацыентаў з пнеўманіяй з інфекцыяй COVID-19 (або падазрэннем на інфекцыю COVID-19) або вострым рэспіратарным дыстрэс-сіндромам з інфекцыяй COVID-19.

На які дзень будуць браць аналіз перад аперацыяй

Дакумент змяняе тэрміны лабараторнага абследавання пацыентаў на інфекцыю COVID-I9 пры іх падрыхтоўцы да планавай шпіталізацыі. Калі раней ПЦР-тэст на каранавірус пацыентам, якім патрэбна аперацыя, рабілі за 2-3 дня да планавай шпіталізацыі, то цяпер будуць — за 2-5 дзён. Тая ж сітуацыя і з цяжарнымі перад шпіталізацыяй і наданнем акушэрска-гінекалагічнай дапамогі.

У якім выпадку перавядуць у рэанімацыю

Цяпер у рэанімацыю будуць пераводзіць пры сатурацыі (насычэнне крыві кіслародам), ніжэйшай за 88% пры дадатковай падачы кіслароду праз насавыя канюлі (або асабовую маску) 5 л/хв, паводле папярэдняга загаду сатурацыя пры такіх жа ўмовах павінна была быць 90% і ніжэйшай. Таксама цяпер для пераводу ў рэанімацыю сісталічны артэрыяльны ціск павінен быць меншым за 80 мм рт.сл., раней гэта было менш за 90 мм рт. сл.

Як тэстуюць кантакты

Цяпер перыяд самаізаляцыі скарочаны да 10 дзён з 14 дзён, змяніліся і тэрміны тэставання кантактаў 1-га ўзроўню. Цяпер такім кантактам будуць рабіць ПЦР-тэст на 7 дзён з даты апошняга кантакту або тэст на антыцелы на 9-ы дзень з даты апошняга кантакту. Калі вынік адмоўны, то назіранне заканчваецца на 10-ы дзень.

Таксама тэстуюць кантакты 2-га ўзроўню ва ўзросце да 10 гадоў. Пры ўзнікненні сімптомаў захворвання ім робяць ПЦР-тэст, і калі ён станоўчы, то назіраюць, як захварэў.

Што з лёгкімі і бессімптомнымі формамі COVID-19

Цяпер пры бессімптомнай форме каранавіруснай інфекцыі медыцынскае назіранне ажыццяўляюць цягам 14 дзён з даты апошняга кантакту. Паўторная лабараторная дыягностыка не праводзіцца.

На папярэдні загад пры такой форме COVID-19 паўторнае тэставанне (экспрэс-тэст) праводзілі на 14-ы дзень ад моманту кантакту (акрамя пацыентаў, якія з'яўляліся кантактамі першага ўзроўню з праведзеным экспрэс-тэстам на 13-ы дзень). І калі імунаглабуліны М па тэсту былі станоўчыя (гэта сведчыць аб тым, што чалавек яшчэ хварэе), то лісток непрацаздольнасці закрывалі на 21 дзень ад моманту кантакту.

Пры лёгкай форме каранавіруснай інфекцыі медыцынскае назіранне будзе цягам 14 дзён з даты апошняга кантакту. Пры захаванні клінічных сімптомаў яно падаўжаецца да моманту іх знікнення. Паўторная лабараторная дыягностыка не праводзіцца.

На папярэдні загад паўторнае тэставанне праводзілі на 14-ы дзень ад моманту кантакту або пасля знікнення клінічных сімптомаў. І калі імунаглабуліны М па тэсту былі станоўчыя, то лісток непрацаздольнасці закрывалі на 21 дзень ад моманту кантакту.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках