Колькі сабак і катоў беларусы могуць «прапісаць» у кватэры?
9- 24.07.2022, 21:23
- 7,268
Растлумачылі камунальнікі.
Жыхарка Гомеля спытала ў чыноўнікаў, што будзе, калі ў гарадской кватэры трымаць больш за двух катоў. А таксама як правільна ўладальнікам афармляць сваіх жывёлаў, як службы ЖКГ правяраюць іх колькасць у жылым памяшканні. Адказ апублікавалі "Гомельскія ведамасці".
Калі сям'я адна жыве ў кватэры, дазволена заводзіць не больш за дзвюх жывёлаў, гэта значыць два сабакі, два каты ці ката і сабаку, гаворыцца ў адказе. Але гэтыя правілы не распаўсюджваюцца, напрыклад, на хамякоў, рыбак, папугаяў.
Калі ў кватэры некалькі ўласнікаў, кожная сям'я можа ўтрымліваць адну жывёлу пры згодзе астатніх жыхароў.
У Гомельскай гарадской ЖКГ растлумачылі, што правілы ўтрымання свойскіх катоў і сабак, адлову безнаглядных жывёлаў на вуліцы рэгулююцца пастановай № 834 Савета міністраў Беларусі ад 04.06.2001. У ёй прапісаныя ўмовы ўтрымання сабак і катоў у шматкватэрных дамах, уладальнікі абавязаныя выконваць санітарна-ветэрынарныя нормы, гарантаваць бяспеку людзей, не дапускаць забруджвання жывёламі агульнадаступных месцаў (пад'ездаў, ліфтоў, тэрыторыі каля дома).
Камунальнікі нагадалі, што з моманту набыцця коткі або сабакі іх трэба цягам трох дзён зарэгістраваць у ЖЭУ або таварыстве ўласнікаў на месцы жыхарства. Гэта бясплатна.
За парушэнне правілаў утрымання свойскай жывёлы (гэта тычыцца і выгулу) можна атрымаць штраф да 15 базавых велічыняў паводле арт. 16.30 КаАП. Калі праз гэтае парушэнне пацярпеў чалавек ці маёмасць – да 30 базавых, таксама пакараць могуць грамадскімі працамі або адміністрацыйным арыштам.
У Беларусі з 1 жніўня пачне дзейнічаць "чорны спіс" жывёлаў – тых, каго нельга ўтрымліваць у прыватным доме, кватэры або на лецішчы.