У палітвязня з анкалогіяй Паўла Кучынскага прагрэсуе хвароба
10- 7.12.2023, 21:39
- 5,280

Лекары дыягнаставалі ў Паўла лімфому Ходжкіна чацвёртай стадыі.
У палітвязня з анкалогіяй Паўла Кучынскага прагрэсуе хвароба. Ён праходзіць курсы хіміятэрапіі ў турэмным шпіталі, але яны не дапамагаюць, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Палітвязня мусілі адправіць у папраўчую калонію строгага рэжыму, але праз онказахворванне яго змясцілі ў рэспубліканскі шпіталь у Калядзічах. Яго ўтрымліваюць там для правядзення дыягностыкі анкалагічных хворых (ПЭТ / КТ). У гэтым шпіталі хворыя знаходзяцца не ў палатах, а ў звычайных камерах, перабудаваных пад медыцынскія патрэбы.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пасля абследаванняў курс лекавання мяняюць, але лепш палітвязню не становіцца. Таксама ў яго была кансультацыя з лекарамі з нагоды перасадкі косцевага мозгу, але, як адзначаецца, праз зняволенне і ўмовы ўтрымання зрабіць гэта немагчыма.
Вядома, што Павал спрабаваў праз калонію адправіць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Для гэтага палітвязня на некалькі дзён нават перавялі ў калонію, але ў выніку, калі яго ўжо перавозілі ў шпіталь, хлопцу вярнулі паперу з прашэннем.
28-гадовы маладзечанец Павал Кучынскі – інвалід першай групы, у яго чацвёртая стадыя раку. Дыягназ палітвязню паставілі ў сакавіку 2021 года, аднак прыкметы захворвання з'явіліся яшчэ восенню 2020 года. Лекары дыягнаставалі ў Паўла лімфому Ходжкіна чацвёртай стадыі. У чэрвені 2022 года суд Вілейскага раёна асудзіў яго да 5 гадоў узмоцненага рэжыму паводле абвінавачання ў абразе Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, суддзі, гвалту або пагрозы гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў. 2 верасня таго ж года ў Менскім абласным судзе разглядалася апеляцыйная скарга. Суд скараціў тэрмін на тры месяцы – з 5 гадоў узмоцненага рэжыму да 4,9 гадоў пазбаўлення волі, але з 2500 рублёў да 3840 рублёў павялічыў памер кампенсацыі, якую павінен выплаціць Павал.