Залужны, Буданаў і іншыя генералы абмеркавалі контрнаступ з калегамі з ЗША і Брытаніі
7- 16.08.2023, 20:41
- 4,318
Ключавой тэмай перамоваў стала ваеннае супрацоўніцтва.
Украінскія генералы правялі сустрэчу з брытанскімі і амерыканскімі калегамі. Адной з тэмаў абмеркаванняў стаў ход контрнаступу ўкраінскіх вайскоўцаў.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на галоўнага камандавальніка Узброеных сілаў Украіны Валерыя Залужнага ў Telegram.
Хто ўдзельнічаў
Паводле словаў Залужнага, ён разам з кіраўніком Генштаба генералам Сяргеем Шапталам, намеснікам галоўнага камандавальніка генералам Міхаілам Забродскім, камандзірам ВМС адміралам Аляксеем Неіжпапам, першым намеснікам міністра абароны генералам Аляксандрам Паўлюком і кіраўніком ГУР Мінабароны Кірылам Будановым правялі сустрэчу.
Украінскія генералы вялі перамовы з вярхоўным галоўным камандавальнікам Аб'яднаных узброеных сілаў NATO ў Еўропе і камандзірам УС ЗША ў Еўропе генералам Крыстаферам Кавалі, кіраўніком Штаба абароны Вялікай Брытаніі адміралам Тоні Радакіным і прадстаўнікамі дэлегацый партнёраў.
Што абмеркавалі
Ключавой тэмай перамоваў стала ваеннае супрацоўніцтва. Залужны адзначыў, што расказаў пра становішча на фронце і ход наступальных і абарончых дзеянняў УСУ.
«Азнаёміў з планамі Узброеных сілаў на найбліжэйшы час і ў больш аддаленай перспектыве. Абмеркавалі магчымыя дзеянні ворага», – удакладніў галоўны камандавальнік.
Ён таксама адзначыў, што паведаміў партнёрам пра ключавыя патрэбы ўкраінскіх вайскоўцаў – боепрыпасы, узбраенне, сродкі СПА, РЭБ і прылады для дыстанцыйнага размінавання.
«Яшчэ адно вельмі важнае пытанне – гэта дроны. Процідзеянне варожым беспілотнікам і нарошчванне ўласных магчымасцяў. Дамовіліся з партнёрамі засяродзіць працу на гэтым кірунку», – падкрэсліў Залужны.
Генерал дадаў, што ў час сустрэчы былі абмеркаваныя і магчымасці ўзмацнення абароны ўкраінскіх аб'ектаў крытычнай інфраструктуры.