Літва прызнае Праваслаўную царкву Канстанцінопальскага патрыярхату
2- 7.02.2024, 21:53
- 6,780
Сусветны патрыярхат у краіне атрымае афіцыйны юрыдычны статус.
Урад Літвы 7 лютага абвясціў, што афіцыйна прызнае Праваслаўную царкву Канстанцінопальскага патрыярхату на фоне спробаў балтыйскіх краінаў пазбавіцца ад уплыву Расейскай праваслаўнай царквы.
Пра гэта паведамляе AFP.
Пастанова літоўскага ўраду азначае, што Сусветны патрыярхат у краіне атрымае афіцыйны юрыдычны статус і зможа прэтэндаваць на дзяржаўную фінансавую падтрымку, якая штогод вылучаецца традыцыйным рэлігійным супольнасцям.
«Рэлігійная супольнасць адпавядае юрыдычным патрабаванням новай або адноўленай традыцыйнай рэлігійнай супольнасці і можа быць зарэгістраваная ў Рэестры юрыдычных асобаў», – растлумачыў AFP прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Літвы Паўлюс Зейміс.
Цяпер да юрысдыкцыі Сусветнага патрыярхату ў Літве адносяцца дзесяць святароў і дзесяць даволі невялікіх супольнасцяў. Затое большасць літоўскіх праваслаўных вернікаў прадаўжаюць уваходзіць у Літоўскую праваслаўную царкву, якая ўваходзіць у РПЦ.
Пытанне аддзялення ад Расейскай праваслаўнай царквы паўстала для ўсіх краінаў Балтыі пасля таго, як РПЦ адкрыта падтрымала расейскую поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны.
З пачаткам поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны Літоўская праваслаўная царква ўсё больш адлучалася ад маскоўскай. Спачатку пяць святароў Літоўскай ПЦ былі пазбаўленыя сану праз асуджэнне расейскай агрэсіі, пасля чаго перайшлі ў Канстанцінопальскі патрыярхат.
Пазней ужо Агульны сход Літоўскай праваслаўнай царквы асудзіў вайну супраць Украіны і прыняў пастанову паскорыць працэс дасягнення яшчэ большай незалежнасці ад Маскоўскага патрыярхату.