Авіяцыя УСУ падбіла два расейскія зенітна-ракетныя комплексы
2- 22.04.2024, 21:37
- 6,660
Вечаровая зводка Генштаба УСУ.
Расейскія войскі цягам 22 красавіка здзейснілі 62 напады на ўкраінскія пазіцыі і нанеслі 58 авіяўдараў. Пра гэта паведаміў у вечаровай зводцы Генштаб Узброеных сілаў Украіны.
У той самы час украінская авіяцыя і ракетныя войскі ўдарылі па двух зенітна-ракетных комплексах, адным сродку СПА, 14 раёнах канцэнтрацыі войскаў, узбраення і ваеннай тэхнікі ворага і пункце кіравання.
Больш за ўсё расейскіх атак зафіксавана на Ліманскім кірунку. Тут адбітыя 14 атак непадалёк Новаягораўкі, Серабранскага лясніцтва на Луганшчыне і Тэрнаў і Торскага Данецкай вобласці.
12 атак акупантаў зафіксавана на Бахмуцкім і столькі сама на Навапаўлаўскім кірунках. У раёне Аўдзееўкі расейцы атакавалі 10 разоў. На Арэхаўскім кірунку войскі РФ задзейнічалі авіяцыю і здзейснілі адну атаку. На Купянскім кірунку вораг не вёў наступальных дзеянняў.
Акрамя таго, расейцы чатыры разы беспаспяхова атакавалі ўкраінскія пазіцыі ў Крынках Херсонскай вобласці.