У ЗША арыштавалі сястру кіраўніка кубінскага ваеннага кангламерату
2- 22.05.2026, 17:30
Яе чакае дэпартацыя.
ЗША затрымалі Адыс Ластрэс Морэру — сястру кіраўніка кубінскага кангламерату GAESA, які аб’ядноўвае прадпрыемствы, звязаныя з ваеннымі структурамі Кубы. Пра гэта паведаміў дзяржсакратар ЗША Марко Рубіо, піша агенцтва Reuters (пераклад — сайт Charter97.org).
Паводле даных амерыканскіх уладаў, Морэра ўехала ў Злучаныя Штаты ў 2023 годзе як уладальніца статусу пастаяннай рэзідэнткі. Зараз яна знаходзіцца пад вартай Іміграцыйнай і мытнай паліцыі ЗША (ICE) і чакае працэдуры дэпартацыі.
У заяве ICE гаворыцца, што прысутнасць Морэры на тэрыторыі ЗША «прадстаўляе пагрозу» і супярэчыць знешнепалітычным інтарэсам Вашынгтона.
GAESA — адзін з найбуйнейшых і найбольш уплывовых эканамічных кангламератаў Кубы. Структура кантралюе шырокі спектр бізнесу — ад турызму і нерухомасці да гандлю і фінансавых актываў. Кубінскія ўлады традыцыйна пазбягаюць публічных каментароў пра дзейнасць холдынгу.
У Гаване раней тлумачылі закрытасць вакол GAESA неабходнасцю супрацьстаяць амерыканскім гандлёвым і фінансавым абмежаванням, якія, паводле сцвярджэння кубінскага боку, сур’ёзна ўскладняюць знешнеэканамічную дзейнасць вострава.
Атрымаць каментар прадстаўнікоў Адыс Ластрэс Морэры пакуль не ўдалося. Затрыманне адбылося на фоне далейшага ўзмацнення палітыкі ЗША ў дачыненні да Кубы.