Расійская эканоміка паўторыць шлях СССР?
3- 28.10.2025, 23:54
- 6,960
ЦБ РФ прадказаў краіне рэзкае падзенне эканомікі ў выпадку ўзмацнення санкцый і зніжэння цаны на нафту да $35.
Расійская эканоміка ўпершыню з сярэдзіны 1990-х можа скараціцца два гады запар, інфляцыя паскорыцца да 10-гадовага рэкорду, грамадзянам давядзецца рэзка скараціць спажыванне, а бізнесу — інвестыцыі.
Такія параметры ЦБ РФ заклаў у «рызыковы сцэнар» развіцця эканомікі, які ўключае падзенне цэн на нафту да $30-35 і ўзмацненне заходніх санкцый, перадае The Moscow Times.
У «рызыковым» варыянце прагнозу, які ЦБ апублікаваў у «Асноўных напрамках адзінай дзяржаўнай грашова-крэдытнай палітыкі на 2026 год і перыяд 2027 і 2028 гадоў», расійскі ВУП зніжаецца на 2,5-3,5% у наступным годзе і яшчэ на 2-3% праз год. Пры гэтым на піку — у чацвёртым квартале 2026 года — тэмпы спаду дасягаюць 6-7%.
Эканоміка ў такім сцэнарыі страчвае $108 млрд экспартных даходаў у 2026 годзе і яшчэ $51 млрд у 2027-м. У выніку іх агульны аб'ём апускаецца да $255 млрд — самага нізкага ўзроўню з 2005 года. Для параўнання: летась на экспарце Расія зарабіла $434 млрд, а сёлета — атрымае $414 млрд (паводле прагнозу ЦБ).
«Сцэнар «Рызыковы» прадугледжвае ўзмацненне знешнегандлёвых супярэчнасцяў, нарастанне працэсаў дэглабалізацыі, больш істотнае, чым у базавым сцэнары, павышэнне імпартных пошлін у свеце і рэзкае запаволенне тэмпаў росту буйнейшых эканомік», — піша ЦБ. Інфляцыя ў гэтым сцэнарыі паскараецца да 10,5-12,5% (найвышэйшага ўзроўню з 2005 года), а Цэнтрабанк вымушаны зноў павышаць ключавую стаўку — да 17,5-19,5% у 2026 годзе і 18-20% у 2027-м.
Спажыўцам у «рызыковым» сцэнары ЦБ даводзіцца зацягваць паясы: аб'ёмы прыватнага спажывання дамашніх гаспадарак скарачаюцца на 0,5-1,5% у першы год крызісу, а затым на 6-7% у другі. Бізнес радыкальна скарачае інвестыцыі — на 11-13% у 2026 годзе і яшчэ на 5-7% у 2027-м.
«У дадатак да пагаршэння ўмоў гандлю ўзмацненне санкцыйнага ціску прывядзе да пашырэння дысконту на расійскія тавары, а таксама да скарачэння экспарту і здабычы нафты. <�…> Пры гэтым на фоне значнага падзення сыравінных цэн на нафту <�…> гэта прывядзе да інтэнсіўнага выкарыстання ліквіднай часткі ФНБ, што стварае рызыкі хуткага вычарпання сродкаў фонду ўжо па выніках 2026 года», — папярэджвае Цэнтрабанк.
Урад у гэтых умовах будзе вымушаны запусціць секвестр бюджэту, скарачаючы выдаткі «ў адносным выражэнні», — піша рэгулятар.
У сакавіку ЦБ праводзіў стрэс-тэставанне банкаў на выпадак рэалізацыі «рызыковага сцэнарыя» ў эканоміцы. У праверцы ўдзельнічалі 27 найбуйнейшых крэдытных арганізацый і ацэньваліся 400 іх галоўных кліентаў-пазычальнікаў з ліку буйных расійскіх кампаній.
Месяцам раней, у лютым, ЦБ прадставіў закрыты даклад для ўрада, у якім папярэдзіў пра пагрозу працяглага падзення цэн на нафту з-за планаў ЗША і краін АПЕК павялічыць здабычу. Свабодныя магутнасці дзяржаў АПЕК — 5 млн барэляў у суткі — цяпер дазваляюць цалкам замяніць усю расійскую нафту на сусветным рынку, а падобны прэцэдэнт ужо быў у сярэдзіне 1980-х, зазначаў Цэнтрабанк: тады Саудаўская Аравія ў тры разы павялічыла здабычу нафты і абваліла сусветныя цэны з $30 да $10-15. Гэта справакавала востры валютны крызіс у Савецкім Саюзе і праз 6 гадоў скончылася яго банкруцтвам і распадам.