З'явіліся новыя звесткі пра магчымы замах на прэм'ер-міністра і міністра абароны Польшчы
- 11.10.2026, 15:24
- 1,344
ФОТА: BLOOMBERG
Польскія спецслужбы ставяцца да справы максімальна сур'ёзна.
Прадстаўнік міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы Яцэк Добжынскі, пракаментаваў для СМІ інфармацыю пра магчымы замах на прэм'ер-міністра Дональда Туска і віцэ-прэм'ера Уладзіслава Косіняка-Камыша, — паведамляе Interia.
«Мы гаворым пра высокую верагоднасць здзяйснення гэтых пагроз. Мы ставімся да справы максімальна сур'ёзна», — падкрэсліў ён.
«Паведамленне пра патэнцыйны замах на прэм'ер-міністра Дональда Туска, а таксама на віцэ-прэм'ера, міністра нацыянальнай абароны Уладзіслава Косіняка-Камыша, было праз SOP (Służba Ochrony Państwa) накіравана ў паліцыю. Яно паступіла на паштовую скрыню, падкрэсліваю, сёння», — заявіла прэс-сакратар МУС Польшчы Кароліна Галецкая.
Як дадала Галецкая, у сувязі з гэтым кіраўнік МУС Марцін Кервінскі і міністр-каардынатар спецслужбаў Томаш Сямоняк неадкладна распарадзіліся склікаць нараду. У ёй удзельнічалі службы, падпарадкаваныя МУС, паліцыя, SOP, а таксама супрацоўнікі АБВ.
«Мы ставімся да справы максімальна сур'ёзна», — падкрэсліў прадстаўнік міністра-каардынатара спецслужбаў Яцэк Добжынскі. — «Я ведаю, што на многіх каналах многія псеўдаэксперты сёння з недаверам разважаюць пра тое, чаму мы пра гэта паведамілі. Бо справа, падкрэсліваю, максімальна сур'ёзная», — працягнуў ён, дадаўшы, што «з месяца ў месяц, з года ў год у спецслужбы паступае ўсё больш рознага кшталту пагроз, што датычаць Польшчы і палякаў».
«У дадзены момант ідзе гаворка пра пагрозы ў адрас самых важных асоб у дзяржаве. Пра пагрозы бяспецы і жыццю прэм'ера і віцэ-прэм'ера», — падкрэсліў Добжынскі. — «Гэтая інфармацыя настолькі сур'ёзная і даставерная, што мы вырашылі цяпер перадаць яе вам», — дадаў ён.
Прадстаўнік міністра-каардынатара спецслужбаў адзначыў, што «мы гаворым пра высокую верагоднасць здзяйснення гэтых пагроз». — Таму нашы міністры, міністр Кервінскі і міністр Сямоняк, палічылі, што ў дадзены момант неабходна аб'яднаць сілы. У Антытэрарыстычным цэнтры сабраліся супрацоўнікі, якія вызначылі далейшыя дзеянні, якія будуць прынятыя па гэтай вельмі сур'ёзнай справе. Нарада толькі што скончылася, — дадаў ён.
Добжынскі запэўніў, што спецслужбы працуюць па гэтай справе, а пра вынікі гэтай працы ён зможа паведаміць у бліжэйшы час.
Адказваючы на пытанне пра крыніцу інфармацыі пра магчымы замах, прадстаўнік міністра-каардынатара спецслужбаў растлумачыў, што службы кругласутачна атрымліваюць сігналы з розных каналаў: са СМІ, медыйных крыніц, сацыяльных сетак, а таксама атрымліваюць іх аператыўным шляхам.
— Агенцтва ўнутранай бяспекі працуе кругласутачна, супрацоўнікі ўвесь час збіраюць і правяраюць гэтую інфармацыю, — падкрэсліў ён, растлумачыўшы, што не можа гаварыць пра падрабязнасці.
Яцэк Добжынскі адначасова запэўніў, што прэм'ер знаходзіцца пад аховай, а адпаведныя службы клапоцяцца пра яго бяспеку.