Навукоўцы высветлілі, чым пахлі домы ў Пампеях
- 13.10.2026, 14:22
У даследаванні ўдзельнічалі археолагі з Германіі, Ірландыі і Швейцарыі.
Міжнародная група археолагаў з Германіі, Ірландыі і Швейцарыі расшыфравала дакладны хімічны склад араматычных рэчываў, якія старажытныя рымляне спальвалі падчас хатніх рытуалаў, піша «Еўрапульс».
З дапамогай мікраскапіі і газавай храматаграфіі даследчыкі вывучылі рэшткі попелу з дзвюх кадзільніц. Першую знайшлі ў Пампеях у будынку Officina di Sabbatino, а другую — на суседняй сельскай віле ў Боскарэале. Вынікі паказалі, што рытуальныя араматы падбіраліся індывідуальна і залежалі ад месца.

У кадзільніцы з Пампеяў вучоныя выявілі сляды спаленай драўніны дуба і лаўра. Паводле антычных тэкстаў, дуб прысвячалі Юпітэру, а лаўр — Апалону.
Будынак на момант катастрофы перабудоўваўся пад заезны дом і быў нежылы. Знаходка пацвярджае рымскую практыку правядзення рытуалаў «для абароны» проста на будаўнічых пляцоўках.
Найбольш інтрыгуючай стала знаходка на віле ў Боскарэале. У попеле мясцовай кадзільніцы археолагі выявілі першыя рэчавыя доказы выкарыстання імпартных араматаў у рымскім хатнім побыце — сляды экзатычнай смалы сямейства бурзеравых (найбольш верагодна — элемі). Гэты дарагі прадукт дастаўлялі ў парты Італіі праз Александрыю (Егіпет) складанымі гандлёвымі шляхамі з Індыі або трапічнай Афрыкі.
Акрамя таго, у кадзільніцах знайшлі сляды віна або вінаграду. Гэта навукова пацвярджае апісаны ў старажытных крыніцах рытуал, калі палаючыя араматы палівалі віном.
На думку аўтараў даследавання, такія адкрыцці робяць паўсядзённае рэлігійнае жыццё звычайных людзей у Рымскай імперыі па-сапраўднаму «адчувальным».