14 кастрычнiка 2026, Серада, 10:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У нас — цымбалы, а ў іх — балалайка»

4
«У нас — цымбалы, а ў іх — балалайка»

Яшчэ адзін важкі пункт у скарбонку адрозненняў паміж беларусамі і рускімі.

Выданне «Салідарнасць» працягвае распавядаць пра тое, што адрознівае нас ад рускіх.

Балалайка — адзін з галоўных і пазнавальных сімвалаў Расіі (як і мядзведзь). У беларускай культуры такое месца займаюць цымбалы. І гэта яшчэ адзін важкі пункт у скарбонку адрозненняў паміж беларусамі і рускімі.

Стваральнік нацыянальнай школы цымбалаў Іосіф Жыновіч. Фота: архіў Беларускай акадэміі музыкі

Цымбалы вядомыя чалавецтву тры тысячы гадоў. На іх іграюць па ўсім свеце — ад Кітая да Вялікабрытаніі. Цікавы момант: далёкі кітайскі сваяк яньцінь вонкава падобны на нашы цымбалы значна больш, чым геаграфічна бліжэйшыя венгерскія цымбалы, распаўсюджаныя ў Румыніі, Малдове і Украіне (гэты інструмент значна цяжэйшы, масіўны, у яго ёсць драўляныя ножкі і педалі).

Самыя раннія згадкі пра цымбалы на беларускіх землях датуюцца XVI стагоддзем. Для вырабу корпуса і падставак цымбалаў беларускія майстры здаўна выкарыстоўваюць ялінавую драўніну і граб, а палачкі робяць з клёну і вішні.

Фота: tradycyja.com

У беларускай музычнай традыцыі існуе два віды цымбалаў. Адны — народныя, іх насілі на шыі або трымалі на каленях. Вясковыя цымбалы былі нязменным госцем святаў разам з гармонікам, скрыпкай і бубнам.

Акадэмічныя цымбалы з’явіліся каля ста гадоў таму дзякуючы выбітным музыкантам Язэпу Жыновічу і Дзмітрыю Захару.

У снежні 1922 года 15-гадовы юнак Жыновіч прыйшоў з цымбаламі на праслухоўванне ў будынак Гарадскога тэатра ў Мінску. У той час у СССР узнікала мода на нацыянальныя аркестры, а Захар марыў стварыць свой у Беларусі. Яго моцна зацікавілі цымбалы, у якіх ён убачыў беларускую самабытнасць.

Мара Захара збылася — у Беларусі з’явіўся свой аркестр, які неўзабаве атрымаў статус дзяржаўнага. Музыкант мадыфікаваў цымбалы, стварыў цэлае сямейства акадэмічных інструментаў для аркестра.

А ў 1930-х да гэтай справы прыклаў руку і будучы стваральнік нацыянальнай школы цымбалаў Жыновіч. Ідэя прыйшла яму ў галаву, калі ён вучыўся іграць на ксілафоне. Менавіта Жыновіч прыдумаў паставіць цымбалы на падстаўку, каб даць музыкантам больш свабоды рукам.

Створаны ў канцы 1920-х аркестр за сваю гісторыю некалькі разоў змяняў назву і статус, праз яго прайшлі дзясяткі выбітных музыкантаў і кампазітараў. З 2003 года ён называецца Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя Жыновіча. І сярод інструментаў асноўнае месца ў ім належыць беларускім цымбалам.

Ансамбль «Харошкі». Фота: khoroshki.by

Адно з першых пісьмовых згадванняў пра балалайку ў Расіі, датаванае 1700 годам, мае кур’ёзны характар. У ім гаворыцца пра бойку, адзін з удзельнікаў якой біў двух іншых той самай балалайкай.

А гэта цытата з адной з кніг нямецкага мемуарыста Якоба Штэліна, дзеяча Акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу, прысвечаная цару Пятру I: «З самых маладых гадоў не меў ён выпадку чуць нічога іншага, апрача грубага гуку барабанаў, палявой флейты, балалайкі, пастушчага ражка і ўкраінскай бандуры, якую можна палічыць яшчэ самай далікатнай з усіх гэтых вядомых яму інструментаў».

Фота: ria.ru

Трэба адзначыць, што сам немец пра балалайку выказваўся скептычна: «Нелёгка знайсці ў Расіі дом, дзе б на гэтым па-сапраўднаму антымастацкім інструменце малады работнік не наігрываў служанкам свае мелодыі. Інструмент гэты маецца ў продажы ва ўсіх дробных крамах, але яшчэ больш спрыяе яго распаўсюджанню тая акалічнасць, што яго можна зрабіць самастойна».

Балалайка і дагэтуль трывала асацыюецца з Расіяй. У Беларусі асаблівай папулярнасцю яна не карыстаецца. Наш культурны код фарміраваўся пад гукі цымбалаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲