Знакамітыя тэррыконы пад Салігорскам могуць знікнуць
6- 14.10.2026, 10:34
- 2,944
Навукоўцы знайшлі незвычайнае прымяненне адходам калійнай прамысловасці.
Жывапісныя салігорскія тэррыконы, з-за якіх аколіцы горада празвалі беларускім Марсам, з часам могуць знікнуць.
Вялізныя насыпы прапануюць выкарыстоўваць для павышэння ўрадлівасці глебаў. Пры гэтым першыя выпрабаванні незвычайнай тэхналогіі ўжо далі абнадзейлівыя вынікі, піша Domovita.

Адкуль узяліся саляныя горы
Тэрыконы пачалі расці пад Салігорскам яшчэ ў 1960-я гады, калі тут запрацавала першае рудаўпраўленне.
З таго часу пры здабычы калійнай руды карысныя кампаненты накіроўваюць на вытворчасць угнаенняў, а астатнюю пароду, у тым ліку гліну і тэхнічную соль, звозяць у велізарныя адвалы.
За больш як шэсць дзесяцігоддзяў на месцы раўніннага пейзажу выраслі сапраўдныя горы. Некаторыя з іх дасягаюць 160 м у вышыню, прыкладна як 40-павярховы дом.
Сёння гэтыя рукатворныя гіганты займаюць сотні гектараў зямлі і з кожным годам працягваюць расці.

Куды іх хочуць падзець
Навукоўцы прапануюць выкарыстоўваць адходы калійнай вытворчасці для павышэння ўрадлівасці бедных пясчаных глеб, якіх асабліва многа на поўдні Беларусі.
Ідэя ў тым, каб змешваць глініста-саляны шлам з тарфам і арганічнымі ўгнаеннямі.

Атрыманы склад ужо выпрабавалі на практыцы. Для эксперыменту выбралі поле плошчай 20 га ў Мінскім раёне.
Яго падзялілі на шэсць дзялянак, на кожнай з якіх выкарыстоўвалі розныя варыянты падкормкі. Частку зямлі пакінулі без угнаенняў, каб было з чым параўноўваць.
Затым пасеялі кукурузу сарту «Ricardino». Першыя вынікі абнадзейлі: на ўчастках з эксперыментальнымі складамі расліны прыкметна прыбавілі ў росце і добра сфармавалі пачаткі.

Колькі яшчэ прастаяць тэррыконы
Развітацца з «касмічным» пейзажам пад Салігорскам пакуль рана. Навукоўцам яшчэ трэба пераканацца, што новая тэхналогія сапраўды эфектыўная.
Наперадзе яшчэ як мінімум тры гады выпрабаванняў. Спецыялісты правераць дзеянне складаў на розных культурах, а таксама паспрабуюць выкарыстоўваць шлам без дадання тарфу і гною.
Калі тэхналогія апраўдае чаканні, адходы калійнай вытворчасці змогуць паступова вывозіць для паляпшэння глеб у іншых рэгіёнах Беларусі.
Але нават пры паспяховым зыходзе знакамітыя горы не знікнуць за пару месяцаў. За дзесяцігоддзі тут назапасіліся сотні мільёнаў тон пароды, таму на яе вываз спатрэбіцца нямала часу.
