Лукашэнка заклікаў ваенных рыхтавацца да «самага негатыўнага сцэнару»
9- 14.10.2026, 14:47
- 3,272
Дыктатар нагадаў пра 1941 год.
Беларускія ваенныя павінны быць гатовыя «да самага негатыўнага для нас сцэнару», але не павінны «паводзіць сябе агрэсіўна». Такую задачу паставіў Лукашэнка 13 кастрычніка на нарадзе па выніках праверкі баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС.
Дыктатар адзначыў, што сцэнары магчымай эскалацыі «намі пралічаныя», яны «вядомыя».
«Але нельга дапусціць новага вітка агрэсіі. Сёння гэта нікому не трэба. Не павінна быць з нашага боку такіх дзеянняў, якія б разглядаліся як агрэсія», — сказаў Лукашэнка.
Ён нагадаў, што ў 1941 годзе «ад кіраўніцтва ішлі ўказанні Заходняму памежнаму акругу, у тым ліку часцям, размешчаным у Беларусі, не правакаваць, не ствараць уражання агрэсіўных намераў з боку СССР, бо распаўсюджвалася меркаванне: вайны не будзе», — паведамляе прэс-служба дыктатара.
«Таму мы сапраўды не павінны паводзіць сябе агрэсіўна. Гэта праўда. Але рыхтавацца да магчымых агрэсіўных дзеянняў з боку нашых суседзяў або праз тэрыторыю нашых суседзяў… Мы павінны быць гатовыя заўсёды», — звярнуў увагу Лукашэнка.
Нагадаем, што падчас паездкі ў Мінскі раён 12 кастрычніка Лукашэнка загаварыў пра вайну з Літвой, Латвіяй і Польшчай.