Зяленскі заявіў пра «гістарычную памылку» Трампа
2- 19.10.2026, 8:39
- 2,676
Украінскі прэзідэнт спадзяецца, што ЗША перагледзяць рашэнні.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што дзеянні адміністрацыі Дональда Трампа выглядаюць як спроба прымусіць Кіеў капітуляваць перад Расіяй. Пра гэта ён сказаў у нядзелю, 18 кастрычніка, у інтэрв'ю Bloomberg. У эфіры NBC Зяленскі назваў падтрымку Уладзіміра Пуціна з боку ЗША «гістарычнай памылкай» і выказаў надзею, што Трамп перагледзіць свае рашэнні.
Паводле слоў Зяленскага, Кіеў прапаноўваў адмовіцца ад удараў па расійскай нафтаперапрацоўцы ў абмен на пастаўкі ракет для сістэм Patriot, якія патрэбныя для абароны ўкраінскай грамадзянскай інфраструктуры. Вашынгтон, аднак, патрабуе спыніць удары па НПЗ РФ без якіх-небудзь сустрэчных абавязацельстваў і пагражае абмежаваць іншую дапамогу.
Украінскі лідар таксама паведаміў, што Украіна аплаціла частку ўзбраення па праграме PURL, у тым ліку супрацьракет для Patriot, але некаторыя пастаўкі дагэтуль не зацверджаныя. Як сцвярджае Зяленскі, прычына не ў тэхнічных праблемах. Па яго словах, цяпер ЗША пастаўляюць Украіне каля 12 ракет‑перахопнікаў для Patriot у месяц, гэта прыкладна чвэрць аб'ёму часоў адміністрацыі Джо Байдэна, калі зброя перадавалася бясплатна.
Пры гэтым Зяленскі захоўвае кантакты са спецпасланнікамі ЗША Стывам Уіткофам і Джарэдам Кушнерам. Нядаўна бакі абмяркоўвалі магчымасць новай сустрэчы, якая можа адбыцца на наступным тыдні. Прэзідэнт Украіны таксама выказаў надзею, што пасля выбараў у Кангрэс ЗША палітычная напружанасць знізіцца і адносіны паміж краінамі стануць больш спакойнымі.