Віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента абвясціла галадоўку
1- 21.10.2026, 7:42
Каб прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да сітуацыі ў акупаваных Алешках.
Віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента Піна Піч'ерна абвясціла галадоўку, каб прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да гуманітарнага крызісу ў часова акупаваных Алешках Херсонскай вобласці.
Пра гэта паведамляе Charter97.org са спасылкай на паведамленне Піны Піч'ерны ў X.
Чыноўніца ЕП заклікала да неадкладнага гуманітарнага перамір'я, дастаўкі прадуктаў і лекаў і бяспечнай эвакуацыі жыхароў, якія жадаюць пакінуць горад.
«Каб прыцягнуць міжнародную ўвагу да гэтай надзвычайнай сітуацыі, я пачала галадоўку. Але гэтая барацьба не можа быць толькі маёй», — напісала яна.
Печэрна заклікала грамадскія арганізацыі, грамадзян, а таксама нацыянальныя і мясцовыя інстытуцыі далучыцца да ненасільнай акцыі.
Паводле яе слоў, неабходна патрабаваць спынення агню ў гуманітарных мэтах, допуску ў горад прадуктаў і лекаў і стварэння ўмоваў для бяспечнага выезду мірных жыхароў.
Намесніца кіраўніка ЕП таксама падкрэсліла, што яе ініцыятыва прызваная падтрымаць намаганні Папы Рымскага Льва XIV і ўсіх, хто імкнецца прадухіліць маштабную гуманітарную трагедыю.
«Жыхароў Алешак нельга пакідаць на волю лёсу. Пара дзейнічаць разам, каб дыпламатыя дала рэальныя вынікі і ніхто не паміраў у цішыні», — заявіла яна.
Алешкі ў акупацыі
Як вядома, у часова акупаваным горадзе ўжо некалькі месяцаў пагаршаецца гуманітарны крызіс. Жыхары сутыкаюцца з недахопам ежы, лекаў і медыцынскай дапамогі, а магчымасці з'ехаць застаюцца надзвычай абмежаванымі з-за баявых дзеянняў і замініраваных дарог.
Паводле даных, прыведзеных у паведамленнях пра сітуацыю ў горадзе, там застаюцца каля двух тысяч мірных жыхароў. Небяспека пагражае як тым, хто не можа з'ехаць, так і тым, хто спрабуе пакінуць акупаваную тэрыторыю.
Раней Папа Рымскі Лев XIV абмеркаваў гуманітарную сітуацыю ў Алешках з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Затым пантыфік патэлефанаваў дыктатару Уладзіміру Пуціну і заклікаў да ўрэгулявання ў Алешках.