Аўкцыён у Нью-Ёрку прапануе купіць шкілет нанатырануса
- 27.10.2026, 22:38
Пачатковая цана — 6 млн долараў.
На таргі выставілі «Джодзі», шкілет дыназаўра з роду нанатырануса — існаванне гэтага роду было пацверджана толькі нядаўна. Цалкам сабраны трохметровы шкілет можна купіць на аўкцыёне Sotheby’s у Нью-Ёрку, пачатковая цана — шэсць мільёнаў долараў (4,5 мільёна фунтаў стэрлінгаў). У ліпені гэты ж аўкцыён прадаў шкілет тыраназавра па мянушцы Гас за рэкордныя 50,1 мільёна, піша BBC.
Чакаецца, што за драпежніка эпохі позняга мелу ўдасца выручыць да дзевяці мільёнаў долараў.
Аўкцыённы дом Sotheby’s ахарактарызаваў «Джодзі» як «выдатны, гатовы да экспанавання» шкілет, які складаецца прыкладна з 191 скамянелай косткі і ўключае «выдатна захаваны, амаль поўны чэрап».
Каля года таму навукоўцы пацвердзілі, што шкілет «Джодзі» належыць да асобнага роду дыназаўраў. У кастрычніку мінулага года амерыканскім даследчыкам удалося даказаць існаванне роду нанатырануса. Як заяўляе Sotheby’s, гэта першы экзэмпляр, выставлены з таго часу на продаж, і адзін з усяго трох шкілетаў нанатыранусаў, вядомых навуцы.
Меган Джэнкінс, палеантолаг з Портсмутскага ўніверсітэта, у эфіры праграмы «Today» на радыё BBC Radio 4 адзначыла, што «нанатыранус доўгі час лічыўся чымсьці накшталт тыраназавра-падлетка».
«Але ён значна меншы і больш зграбны. Ён адрозніваецца стройным, вытанчаным целаскладаннем, а ягоныя зубы, падобныя на ляза, прыстасаваныя да разразання мяса», — патлумачыла Джэнкінс.
Тыраназавр і нанатыранус суіснавалі ў адзін і той жа геалагічны перыяд — прыкладна 67 мільёнаў гадоў таму.
У кастрычніку 2023 года, яшчэ да афіцыйнага вылучэння роду нанатырануса, «Джодзі» дэманстравалі на лонданскім міжнародным мастацкім кірмашы Frieze Masters як рэшткі маладой асобіны тыраназавра.
Шкілет знайшла на сваёй тэрыторыі Джодзі Пірсан, гаспадыня ранча ў Хэл-Крык у штаце Мантана, дзе часта знаходзяць рэшткі дыназаўраў. Шкілет назвалі ў яе гонар. Выкапаў яго камерцыйны палеантолаг Клейтан Фіпс.
Фіпс таксама выявіў у 2006 годзе знакамітых «Змагаючыхся дыназаўраў» (Dueling Dinosaurs): рэшткі нанатырануса і трыцэратапса, што, верагодна, загінулі ў момант сутычкі. Яны былі знойдзены прыкладна за 13 км ад месца знаходкі «Джодзі».
«Змагаючыяся дыназаўры» адыгралі ключавую ролю ў даследаванні Ліндсі Зана і Джэймса Наполі, у выніку якога нанатыранус быў класіфікаваны як самастойны род, адрозны ад тыраназавра. Іх навуковая праца паставіла кропку ў шматгадовых спрэчках пра тое, ці з'яўляюцца гэтыя дыназаўры рознымі відамі.
У навуковых колах працягваюцца дыскусіі пра тое, ці дапушчальная прыватная продаж рэшткаў дыназаўраў. Навукоўцы баяцца, што экспанаты ў калекцыях звышбагатых людзей будуць недаступныя для вывучэння.
Пасля продажу «Гаса» палеантолаг з Эдынбургскага ўніверсітэта і кансультант фільмаў серыі «Парк юрскага перыяду» Стыў Брусаты ў эфіры праграмы «What in the World» Сусветнай службы BBC назваў продаж тыраназавра на аўкцыёне «трывожнай падзеяй».
«Я не ведаю ніводнага музея або ўніверсітэта, які мог бы сабе дазволіць такую цану, — сказаў ён. — Уявіце, калі б «Мона Ліза» належала звышбагатаму чалавеку, не выстаўлялася, і людзі не маглі б яе бачыць, не маглі б ёй захапляцца».
На яго думку, калі гэта стане тэндэнцыяй, гэта можа негатыўна паўплываць на навуковыя даследаванні і дзяржаўную адукацыю.
Што да сённяшняга аўкцыёну, ён адзначыў, што тое, што «Джодзі» можа знікнуць з публічнай прасторы, — «сардцаразрыўна».
«Мы толькі што высветлілі, што нанатыранусы існуюць, і цяпер адзін з найлепшых шкілетаў будзе прададзены таму, хто назаве найвышэйшую цану. Гэта сардцаразрыўна — думаць, што ён знікне ў сховішчах калекцыянера, а не будзе выстаўлены ў музеі, дзе ён можа натхняць дзяцей, сем’і і публіку ўвогуле», — сказаў ён BBC.
Аднак Джэнкінс адзначае, што ёсць і іншы бок: «Я не асуджаю людзей, якія ўдзельнічалі ў гэтым і хочуць прадаць яго за такую вялікую суму. І хоць гэта палохаючая перспектыва, насамрэч многія [з гэтых шкілетаў] у выніку становяцца здабыткам грамадскасці… Без усялякіх сумневаў, рана ці позна яны апынуцца ў нейкім музеі».