«Гэта абсалютна абсурдная гісторыя»
7- 28.10.2026, 9:33
- 3,510
Лукашэнка прыцягвае гастарбайтараў, каб плаціць ім больш, чым беларусам.
На Гродзеншчыне з дзясятак прадпрыемстваў гатовыя прыняць працаўнікоў з Таджыкістана на заробкі ў $750–1200, забяспечыўшы іх жыллём і часткова харчаваннем. Цікава, што пра гэтую дамоўленасць паведаміла не беларускае Міністэрства працы, а таджыкістанскае. Ці не таму маўчыць беларускі бок, што памер абяцаных заробкаў, мякка кажучы, не на карысць мясцовых супрацоўнікаў?
Эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі не паленаваўся праверыць, якія заробкі прапануюць у адкрытых вакансіях гродзенскія прадпрыемствы, пазначаныя ў беларуска-таджыкістанскім пагадненні.
— Па-першае, $1200 — гэта заробак вышэйшы, чым сярэдні па Гродзенскай вобласці; там, паводле даных за верасень, было $940, — адзначыў эксперт у каментары «Філіну». — І нават вышэйшы, чым у сярэднім па Беларусі — $1050. Толькі ў Мінску сярэднія заробкі перавышаюць $1300. І ўсё ж мы разумеем, што «сярэдні» — гэта як сярэдні па бальніцы і практычна ні пра што не сведчыць.
Але я праверыў па адкрытых вакансіях і магу кампетэнтна заявіць: ніводнае з названых прадпрыемстваў на Гродзеншчыне не прапануе заробкаў у $1200. Столькі і нават больш можа атрымліваць кіроўца-міжнароднік — гэта значыць, кіроўцы фур з усімі неабходнымі дакументамі, дазволамі і правам працы на тэрыторыі Еўразвязу.
Пры ўсім павазе да кіроўцаў з Таджыкістана я сумняваюся, што Беларусь шукае дальнабойшчыкаў у гэтай краіне.
Акрамя іх, дадае Андрэй Махоўскі, заробкі вышэй за $1000 на Гродзеншчыне атрымліваюць толькі кіраўнічыя работнікі. Напрыклад, намеснік дырэктара агракамбіната «Скідзельскі». Ці начальнік транспартнага цэха на «Гронітэксе». Ці рэдкі, высокакваліфікаваны спецыяліст, як ліцейшчык высокага ціску для «Цветліта».
Але ж у патрабаваннях да таджыкістанскіх прэтэндэнтаў нічога пра досвед і кваліфікацыю не сказана — прынамсі публічна. Трэба толькі мець даведку аб стане здароўя, ведаць рускую мову і не быць судзімым.
А такім, гэта значыць, некваліфікаваным работнікам, кшталту грузчыка, кладоўшчыка або звычайнага слесара, гродзенскія прадпрыемствы, увогуле, плацяць каля $300–500. Але не ў паўтара-два разы больш, як абяцана кандыдатам з Таджыкістана.
— Але абяцанні — справа такая. Мы памятаем, што ўзбекскім рабочым у Віцебскай вобласці таксама абяцалі заробак у $1000, — дадае Андрэй Махоўскі, — а ў выніку яны здолелі выбіць сабе, і то толькі пасля ўмяшання ўрада Узбекістана, па $750.
— І ўсё ж паабяцалі шмат. Ці варта чакаць, што масава паедуць работнікі з Таджыкістана?
— Справа ў тым, што падвышаны заробак, значна вышэйшы за той, які вы дазваляеце сабе плаціць усім астатнім, можна плаціць пары дзесяткаў работнікаў. У маштабах краіны — хай пары сотняў.
У Віцебскую вобласць прыехалі 204 чалавекі з Узбекістана, і ўсё роўна ўзнікалі складанасці, каб плаціць ім па $1000. Хаця гэта была такая іміджавая гісторыя, і скандал разгарэўся з-за несупадзення абяцанага з рэальнасцю. (Дарэчы, цікава, што працадаўцы з беларускага рэгіёна заяўлялі пра патрэбу прыблізна ў 800 работніках, а па факце змаглі забяспечыць больш-менш прымальныя ўмовы ў разы меншай колькасці — Ф.).
Дык што яны могуць прывабіць заробкамі вышэй за сярэднія пэўную колькасць работнікаў — але не масава. Не дзясяткамі тысяч. Проста таму, што не могуць дазволіць сабе столькі плаціць. А калі людзі паедуць масава — то адкуль узяць грошы, каб ім плаціць?
Тады давядзецца плаціць ім тое, што мы рэальна можам, гэтыя $300–500. А на такія грошы — які сэнс ехаць з Таджыкістана, дзе таксама каля $400 — сярэдні заробак?
Бо сэнс прыцягнення гастарбайтараў у тым, што іхняя праца таннейшая за працу мясцовых. Гэта агульнае правіла, якое дзейнічае ўсюды. А Беларусь прыцягвае гастарбайтараў, каб плаціць ім больш, чым плацяць мясцовым. Шчыра кажучы, гэта абсалютна абсурдная гісторыя.
— Ці можна меркаваць, што такія гісторыі падштурхнуць кваліфікаваных беларусаў: раз нас не цэняць у роднай краіне, паедзем і мы ў іншыя месцы?
— Сумняваюся. Колькі там прыедзе таджыкістанцаў? 100, хай 200 чалавек. Ніхто гэтага і не заўважыць.
І ўвогуле ўся гісторыя з прыцягненнем працоўных мігрантаў ніякага дачынення да рэальнай эканомікі не мае. Яна пачалася як піяр-гісторыя з пакістанцамі, і мы бачым, што так і працягваецца дагэтуль.