28 кастрычнiка 2026, Серада, 11:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва рыхтуе «сюрпрыз» для дыктатараў-суседзяў

1
Літва рыхтуе «сюрпрыз» для дыктатараў-суседзяў

Краіна ўспрымае сітуацыю сур'ёзна.

У Літву працягваюць прыбываць амерыканскія войскі, а кансерватары ў парламенце прапануюць адмовіцца ад лятэрэйнага прынцыпу вайсковага прызыву і аднавіць абавязковую вайсковую службу ўжо ў 2030 годзе.

Літоўская Рэспубліка ўзмоцнена рыхтуецца да абароны ўласнай тэрыторыі і робіць гэта не толькі на ўзроўні палітычных заяў, але і праз стварэнне прававых і ваенна-дыпламатычных умоў, каб ваенная агрэсія супраць гэтай балтыйскай краіны абышлася занадта дорага для патэнцыйнага агрэсара.

Доўгі час адным з фактараў бяспекі Літвы былі размешчаныя ў краіне амерыканскія вайскоўцы. Побач з еўрапейскімі паветранымі сіламі, размешчанымі ў Шаўлях на прынцыпе ратацыі, сухапутныя сілы ЗША былі адным з найважнейшых фактараў устойлівай бяспекі краіны.

І нават пасля прыбыцця перадавых падраздзяленняў нанова фармаванай нямецкай бранятанкавай брыгады, якая павінна прыкрыць Літву ад магчымай атакі з боку дыктатарскага саюза лукашыстаў і Крамля, значэнне амерыканскіх войскаў не зменшылася, бо пагроза паступова ўзрастае.

З гэтай прычыны пасля сыходу папярэдняй ратацыі ў чэрвені 2026 года, якую адразу не змяніў новы кантынгент, пытанне выклікала напружанне ў літоўскім грамадстве. Што пачало змяншацца толькі восенню, з пачаткам прыбыцця новай ратацыі амерыканскіх вайскоўцаў. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа публічна абвяшчае пра прыбыццё кожнай новай групы, што падкрэслівае важнасць саюзніцкіх адносін ЗША і Літвы.

Гісторыя супрацоўніцтва амерыканскіх вайскоўцаў з літоўцамі ведае і трагічныя эпізоды. Калі летась на палігоне ў Пабрадзе разам з экіпажам у балоце патанула бранямашына, за пошукамі зніклых без вестак вайскоўцаў і тэхнікі сачыла ўся краіна, а Мінабароны Літвы прыклала ўсе магчымыя намаганні для іх пошуку.

Пазней развітацца з загінулымі амерыканскімі вайскоўцамі прыйшлі многія літоўцы. Такія эпізоды ўмацоўваюць узаемны давер і чалавечыя стасункі паміж замежнымі вайскоўцамі і мясцовымі жыхарамі.

Дарэчы, нямецкая стратэгія стварэння ўстойлівай сувязі салдат Бундэсвера з новай дывізіі, якая будзе абараняць Літву, падобная. Каб нямецкія афіцэры і салдаты адчувалі большую сувязь з зямлёй, якую ім давядзецца абараняць, для іх сем'яў ствараецца паўнавартасная інфраструктура з жыллём, дзіцячым садам і школай. Такі падыход вельмі моцна змяняе стаўленне да таго, што і каго ты абараняеш.

Адно — калі гаворка ідзе пра выкананне саюзніцкага доўгу, зусім іншае — калі гаворка пра абарону ўласнай сям'і і маёмасці. Месца, дзе ты сам жывеш.

На ўмацаванне сувязі паміж грамадзянамі і абаронай краіны скіраваная і ініцыятыва літоўскай партыі кансерватараў, якая заклікае змяніць выпадковы прынцып прызыву (лятэрэя) на ўсеагульную вайсковую павіннасць.

Прапанову палітыкаў падмацавана апытаннем, праведзеным улетку 2026 года, у якім 76% літоўцаў падтрымалі вяртанне ўсеагульнага прызыву для юнакоў і магчымасць добраахвотнай службы для дзяўчат. Літоўскае грамадства ўсведамляе рызыкі і пагрозы незалежнасці краіны і гатовае да ўзмацнення абароны Літвы.

Але ёсць і нямала перашкод. Абаронная прамысловасць Літвы крытыкуе палітыкаў за тое, што тыя афармляюць абарончыя заказы за мяжой і недастаткова падтрымліваюць хутка растучую ўласную прамысловасць.

Кіраўнік асацыяцыі ваенных прамыслоўцаў Вайдас Сабаляускас кажа, што адна з галоўных праблем — недахоп дзяржаўных замоваў. Гэта перашкаджае літоўскім кампаніям на знешніх рынках: пакупнікі слушна цікавяцца, чаму прадукцыю зброяроў не набывае літоўскае войска. У Літве рыхтуюцца вырабляць высоказапатрабаваныя 155-мм снарады, міны і выбуховыя рэчывы, пашыраецца зброевы завод у Гірайце.

Гэтыя падрыхтоўкі да абароны краіны выразна сведчаць пра тое, што Літва сур'ёзна ўспрымае небяспеку, якая ёй пагражае, маючы ў суседзях дзве дыктатуры.

Сяргей Кавальчук, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲