У Брэсце на будоўлі абрынуўся пад’ёмнік з двума рабочымі
- 28.10.2026, 12:04
- 1,232
Фота: Генпракуратура
Загінуў іх калега, які знаходзіўся ўнізе.
У Брэсце 50-гадовага прараба будуць судзіць за гібель рабочага на будоўлі. Ён дазволіў выкарыстоўваць пад’ёмнік, які не быў належным чынам прыняты ў эксплуатацыю. У выніку канструкцыя абрынулася, а процівагі, устаноўленыя на даху будынка, упалі на 44-гадовага тынкоўшчыка. Ён загінуў на месцы, паведамілі у пракуратуры.
Трагедыя адбылася ў лістападзе 2025 года падчас аздаблення фасада пяціпавярховага будынка ў Брэсце. Прараб, адказны за бяспеку будаўнічых работ, распарадзіўся выкарыстоўваць фасадны пад’ёмнік, які не прайшоў неабходную працэдуру ўводу ў эксплуатацыю.

«У выніку пры пад’ёме двух рабочых з цэглай на чацвёрты паверх была перавышана дапушчальная нагрузка на пад’ёмнік. Яго канструкцыі абрынуліся з людзьмі, якія па збегу акалічнасцяў не пацярпелі. Разам з тым процівагі, замацаваныя на даху аб’екта, упалі на 44-гадовага тынкоўшчыка, які знаходзіўся ў небяспечнай зоне», — расказалі ў пракуратуры.
Мужчына загінуў на месцы здарэння.
Прарабу прад’явілі абвінавачанне па ч. 2 арт. 303 КК (парушэнне правілаў бяспекі будаўнічых работ, якое па неасцярожнасці пацягнула смерць чалавека). Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Крымінальную справу накіравалі ў суд. Абвінавачаны застаецца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.