Беларусу паабяцалі 500 тысяч долараў у спадчыну
4- 29.10.2026, 12:20
- 1,528
Тым не менш без грошай застаўся ён сам.
63-гадоваму жыхару Брэста ў TikTok напісала «смяротна хворая багачка» і паабяцала пакінуць яму ў спадчыну больш за 520 тысяч долараў. Аднак замест абяцанага багацця беларус страціў больш за 540 рублёў, паведамілі ў міліцыі.
Мужчыне ў TikTok напісала незнаёмка, якая распавяла, што смяротна хворая, але пры гэтым вельмі багатая. Яна заявіла, што жыхар Брэста спадабаўся ёй вонкава, таму яна хоча пакінуць яму ў спадчыну больш за 520 тысяч долараў, піша «Зеркало».
Потым жанчына прапанавала працягнуць зносіны ў WhatsApp. Там яна дасылала фатаграфіі і відэа, якія нібыта пацвярджалі, што ў яе сапраўды ёсць грошы і каштоўныя рэчы. Незнаёмка паабяцала адправіць усё гэта пасылкай, але за дастаўку мужчына павінен быў заплаціць сам.
Для пачатку афармлення жанчына папрасіла перавесці «нявялікую суму» — больш за 540 рублёў. Паводле яе слоў, гэта было неабходна, каб праверыць, ці праходзіць плацёж. Жыхар Брэста перавёў грошы, пасля чаго незнаёмка перастала выходзіць на сувязь. Мужчына звярнуўся ў міліцыю.
Узбуджана крымінальная справа па артыкуле аб махлярстве. Цяпер міліцыя ўстанаўлівае датычных да злачынства.