Пуціну не ўдалося зламаць ні фронт, ні тыл
2- Сяргей Прытула
- 29.10.2026, 13:09
- 1,302
Украіна вяртае сваё.
Расіяне не перамагаюць на полі бою. Сілы абароны Украіны стаяць трывала і контратакуюць. Пры гэтым у 26-м мы не проста ўтрымалі фронт, але і пачалі адваёўваць свае землі.
Калі немагчыма прарваць фронт, дык што тады робяць расіяне? Правільна — ламаюць тыл! Нам знішчаюць крытычную інфраструктуру, бізнес, лагістыку, навучальныя ўстановы. Нас забіваюць. Але…
Ці адбываецца нешта такое, чаго не было ў папярэднія гады? І так, і не. У папярэднія гады тысячы дронаў і ракет ужо разбуралі нашу энергетыку і газаздабыўную інфраструктуру. У 25-м у нас былі хвалі па 700 Shahed за суткі плюс балістыка, крылатыя ракеты і ўсё астатняе. Гэтай зімой — блэкаўты ў буйных гарадах, парваныя марозамі трубы і халодныя дамы. Але мы выстаялі. Тыл утрымаўся, і фронт застаўся ўстойлівым.
Цяпер па тыле таксама шалёна б’юць. Але дадаўся яшчэ адзін важны аспект, які раней не быў такім гучным і прыкметным. Не маючы рэальнай магчымасці разбурыць нашу стойкасць звонку, расіяне перайшлі да сваёй улюбёнай тактыкі — разваліць нас знутры. Раскалоць і пасварыць. Падзяліць на «партыі міру» і «партыі вайны». Апошнія месяцы на фоне няўдач расіян на фронце, дзе яны штодня страчваюць тысячы салдат, ледзь не сінхронна ў нашай інфапрасторы з’явіліся галасы рознага калібру, якія пачалі казаць: «Ну, патрэбны мір! Мір! Мір!»
Агучваюцца розныя «планы міру». Загадзя нерэальныя для іх выканання. Якія не маюць нічога агульнага з рэаліямі сённяшняга дня. Але гэта не турбуе «міратворцаў», бо яны ведаюць, што ўвасабляць у жыццё гэтыя «планы» не ім. І яны агучваюць іх не для грамадскай дыскусіі пра рэальнасць тых ці іншых пунктаў. Не.
Усё нашмат больш банальна. Гэта гульні з эмоцыямі стомленых людзей. Са змучаным грамадствам, якое будзе хапацца за любую саломінку надзеі. Гэта цынічнае нарашчэнне электаральнай базы ў уласных інтарэсах на фоне пакут мільёнаў людзей! Шляхам самай жудаснай маніпуляцыі! Бо калі ты ставіш пад сумнеў гэтыя «планы», іх аўтары ўздымаюць крыкі: «Глядзіце, а ён супраць міру! Ён — партыя вайны!» І гэта жахліва… Бо гэта наўмысная, загадзя прадуманая стратэгія, якая не мае нічога агульнага з аб’яднаннем грамадства, што насамрэч імкнецца да міру.
Мы ўсе імкнёмся да міру! Але мы не сляпыя. Мы бачым, як вы праграмуеце людзей на тое, што… ну, яшчэ трошкі, дастаткова толькі нашай згоды — і ўсё скончыцца. Вы ствараеце ілюзію, што ключ да заканчэння вайны ляжыць у Кіеве, а не ў краіне, якая заклала ў свой бюджэт на наступныя тры гады $600 млрд на вайну! Тое, што вы падаеце як клопат пра ўкраінскі народ, насамрэч з’яўляецца клопатам пра расійскія інтарэсы і ўласную палітычную будучыню!
Вядома, умовы будучага мірнага пагаднення залежаць і ад дыпламатыі, і ад падтрымкі партнёраў, але перш за ўсё — ад нашай здольнасці абараняцца і зрабіць цану далейшай агрэсіі ворага непрымальнай для яго. Ад простай формулы: фронт + тыл = стойкасць Украіны! А не ад фантазій асобных палітыканаў.
Таму… Працуйма, панове! Умовы міру рэалізуюць палітыкі, але пішуць іх аб’яднаныя армія і тыл!
Сяргей Прытула, Facebook