Мінчанін вылавіў гіганцкага сома на Чыжоўскім вадасховішчы
4- 29.10.2026, 13:30
- 2,350
Барацьба з велізарнай рыбай працягвалася каля гадзіны.
Жыхар Мінска злавіў велізарнага сома на Чыжоўскім вадасховішчы, піша mlyn.by.
Прычым гэта адбылося, калі рыбак разам з сябрам ужо збіраўся сыходзіць. Шчасліўца завуць Аляксандр. Ён пахваліўся 32-кілаграмовым трафеем у Instagram, дзе дзеліцца і іншымі трафеямі.
Канец кастрычніка аказаўся асабліва ўдалым, якраз пакуль не пачалі дзейнічаць забароны на лоў еўрапейскага сома (пра іх нагадаем ніжэй). Аляксандр з сябрам ужо збіраўся заканчваць рыбалку, аднак апошні закід аказаўся вырашальным. І няпростым. Рыба клюнула — так, што спінінг сагнуўся, а лодку пачало цягаць па вадзе.
У выніку рыбаловы затрымаліся яшчэ прыкладна на гадзіну. У пэўны момант мужчына нават хацеў спыніць барацьбу і перарэзаць леску.
«Рукі гулі, рыбіна не здавалася, і сіл змагацца ўжо амаль не заставалася», — распавёў Аляксандр.
Сябар заклікаў яго не здавацца і ўсё ж такі ўгаварыў працягнуць сутычку. Мужчынам удалося зацягнуць здабычу ў лодку.
Вага трафея — 32,4 кг. Пасля фотасесіі рыбаловы адпусцілі сома ў ваду.