Беларусы выйгралі Green Card, але не паехалі ў ЗША, а выбралі Польшчу
- 29.10.2026, 14:14
- 1,210
Сям'я каля дзесяці гадоў удзельнічала ў амерыканскай латарэі.
Людміла і Георгій (імёны змененыя) каля дзесяці гадоў удзельнічалі ў амерыканскай латарэі Green Card. Яны вывучалі форумы і параўноўвалі жыццё ў розных штатах ЗША, а ў маі куплялі сушы, адкрывалі шампанскае і правяралі вынікі латарэі. У 2023 годзе сям'я нечакана выйграла грын-карту, але ад амерыканскай мары давялося адмовіцца. Людміла расказала MOST, чаму яны вырашылі застацца ў Польшчы, куды пераехалі ў 2021 годзе, і ці плануюць яшчэ раз выпрабаваць удачу.
Латарэя Green Card — гэта штогадовая праграма ЗША, у якой выпадковым чынам выбіраюць людзей, што атрымліваюць магчымасць аформіць від на жыхарства і легальна жыць і працаваць у Амерыцы.
Людміла і яе муж Георгій пераехалі ў польскі Беласток у лістападзе 2021 года. Такое рашэнне яны прынялі яшчэ ў 2020 годзе. Георгій працаваў у ІТ-кампаніі. Сям'я атрымала візы і патроху планавала пераезд.
«Трымаць у руках ліст — і адмовіцца ад пераезду»
Удзел у латарэі Green Card быў для сужонкаў даўняй традыцыяй. Яны падавалі заяўкі, а ў маі «куплялі сушы, шампанскае і сядалі правяраць вынікі».
Пасля пераезду ў Польшчу яны не сталі змяняць сямейную традыцыю і зноў узялі ўдзел у латарэі. Тады Людміла ўжо была цяжарная. У Польшчы ў іх ужо была сабака, а яшчэ яны ўзялі аўтамабіль у лізінг.
У лютым 2023 года ў сужонкаў нарадзілася дачка. А ў маі муж Людмілы праверыў вынікі латарэі і выявіў, што яго заяўка выйграла. Людміла кажа, што і яна, і муж перажылі неверагодныя эмоцыі.
— Столькі гадоў удзельнічаць у латарэі, чытаць чужыя гісторыі, уяўляць, як усё будзе, а потым насамрэч выйграць, трымаць у руках ліст, чытаць яго — і… адмовіцца ад пераезду.
«Мы зразумелі, што гэта нас проста доб'е»
Сужонкі ўсё ж абмеркавалі магчымасць эміграцыі ў ЗША. Яны ведалі гісторыі людзей, якія з'яжджалі туды з маленькімі дзецьмі. Але для іх сям'і гэта аказалася занадта складаным рашэннем.
— Нам было вельмі цяжка менавіта ў першы год пасля нараджэння дачкі. Перабудова ўсёй сям'і, псіхалагічна складаная пара. Мы зразумелі, што гэта нас проста, напэўна, доб'е канчаткова. Бо ўсё роўна вельмі шмат стрэсу, вельмі шмат дзеянняў трэба было зрабіць, — распавядае Людміла.
Да таго ж, успамінае жанчына, у той час яны яшчэ маглі бяспечна ездзіць у Беларусь. Думка пра тое, што пасля пераезду ў ЗША яны не змогуць наведваць бацькоў, яшчэ больш схіляла сужонкаў да рашэння застацца ў Польшчы.
— Але ў 2023 годзе я з'ездзіла дадому. Да мяне прыйшлі супрацоўнікі КДБ паразмаўляць наконт майго ўдзелу ў падзеях 2020 года, і ўсё — у Беларусь я ездзіць перастала. Але ў маіх бацькоў хаця б засталася магчымасць наведваць нас тут. У ЗША яны б так проста не змаглі лётаць, — разважае беларуска.
Мара, што вырасла на амерыканскіх фільмах
Яшчэ адной перашкодай стала праца. Абодва сужонкі працавалі ў ІТ і тэарэтычна маглі б працягнуць працаваць дыстанцыйна з ЗША. Але, паводле слоў Людмілы, іх даходаў для жыцця там не хапіла б.
— Заробкі ў нас не амерыканскія. Мы працуем на еўрапейскі рынак, і ён у разы меншы, — тлумачыць яна.
Шукаць працу на месцы таксама было складана: патрэбны іншы ўзровень англійскай, а ў мужа ён слабейшы, чым у Людмілы. Да таго ж дачцэ было ўсяго некалькі месяцаў.
— Я не змагла б тады знайсці новую працу, прысвяціць гэтаму час і выйсці працаваць, — кажа беларуска.
Людміла распавядае, што цяпер яны сочаць за тым, што адбываецца ў Амерыцы, і інакш глядзяць на магчымы пераезд у гэтую краіну. Жанчына кажа, што многае залежыць ад канкрэтнага штата, а палітыка прэзідэнта не абавязкова аднолькава ўплывае на паўсядзённае жыццё ўсіх амерыканцаў. Але жыць у краіне «з непрадказальным, пажылым і эксцэнтрычным лідарам» ёй бы не хацелася.
— Мы ўсе ведаем, да чаго прыводзяць такія асобы ва ўладзе. Амерыка — гэта такая амерыканская мара, якая вырасла ў нас, у міленіялаў, на фільмах: усё такое, прыгажосць па-амерыканску. Але па факце, калі глядзіш цяпер, гэта відавочна не ідэальнае месца для жыцця, — лічыць Людміла.
«Еўропа больш прадказальная»
Тым не менш яна па-ранейшаму хацела б пабываць у Нью-Ёрку, убачыць Вялікі каньён і пападарожнічаць па ЗША. Але як месца для пастаяннага жыцця сям'я Амерыку больш не разглядае.
— Напэўна, усё ж Еўропа больш прадказальная, нягледзячы на свае пытанні.
Пасля нечаканага выйгрышу сужонкі жартуюць, што цяпер ім спатрэбілася б іншая латарэя.
— Вось калі б у латарэі разыгрывалі польскі пашпарт — гэта нам цяпер актуальна. Ці еўрапейскі які-небудзь — любы пашпарт, калі ласка, — смяецца Людміла.