Цэны на дызель у ЗША выраслі пасля здзелкі Трампа з Пуціным
5- 29.10.2026, 16:43
- 2,486
Унутры ЗША «дызельная здзелка» першапачаткова выклікала негатыўную рэакцыю.
Кошт дызеля ў ЗША падняўся на 7 цэнтаў пасля таго, як прэзідэнт Дональд Трамп 9 кастрычніка дамовіўся з Пуціным аб пастаўках у Злучаныя Штаты гэтага паліва з Расіі. На той момант галон (каля 3,8 літра) дызеля каштаваў $6,28, да канца кастрычніка цана паднялася да $6,35, падкрэслівае The Wall Street Journal (пераклад — The Moscow Times).
Пасля здзелкі з Пуціным Трамп агучыў абяцанні расійскага боку: пастаўка 300 тысяч тон дызеля на сусветны рынак адразу, яшчэ 500 тысяч тон — у лістападзе і 1 млн тон — «адразу пасля гэтага». Гэтыя лічбы першапачаткова выглядалі сціплымі ў кантэксце сусветнага рынку, які штодзённа спажывае каля 4 млн тон дызеля.
Акрамя таго, узнікаюць сумневы, наколькі Масква насамрэч гатовая забяспечыць заяўленыя аб'ёмы. «Магчыма, [Расія] не зможа экспартаваць абяцаную колькасць дызельнага паліва з-за дрэннага стану сваіх нафтаперапрацоўчых заводаў і экспартных абмежаванняў», — мяркуе WSJ.
Расійскае кіраўніцтва яшчэ 21 кастрычніка абвясціла пра адпраўку ў ЗША танкера з першай партыяй дызеля — усяго 40 тысяч тон. Па стане на 28 кастрычніка судна Agioi Fanendes знаходзіцца паблізу Вялікабрытаніі, і, як фіксуюць сэрвісы адсочвання марскіх перавозак, у яго пазначана толькі дата заканчэння рэйса (9 лістапада), але не яго канчатковая кропка прызначэння. Магчыма, з-за міжнародных санкцый супраць расійскіх нафтапрадуктаў танкеру пад мальтыйскім сцягам не дазволяць увайсці ў амерыканскія парты, і маракам давядзецца разгружацца на Кубе, піша партал Oilprice.
Унутры ЗША «дызельная здзелка» Трампа першапачаткова выклікала негатыўную рэакцыю. Адразу пасля яе заключэння стала вядома пра беспрэцэдэнтнае падзенне рэйтынгаў дзеючага прэзідэнта, у тым ліку сярод кансерватыўнага электарату. Адзін з найстарэйшых членаў Кангрэса ЗША, рэспубліканец Мітч Макконэл, ацаніў пагадненне з Пуціным з боку Трампа як «потаканне», пасля якога той ператварыўся ў «маральнага банкрута».
Дэмакрат Джэймі Раскін з Камітэта Палаты прадстаўнікоў па пытаннях судаводства нагадаў, што дамоўленасці Трампа з Пуціным не адмяняюць ужо ўведзенае ў Штатах санкцыйнае заканадаўства. Такім чынам, любы амерыканскі пакупнік расійскага дызеля можа панесці пакаранне аж да 20 гадоў рэальнага турэмнага тэрміну.