30 кастрычнiка 2026, Пятніца, 15:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна ўвяла санкцыі супраць беларускага распрацоўшчыка спадарожнікаў

Украіна ўвяла санкцыі супраць беларускага распрацоўшчыка спадарожнікаў
Фота: «Бюро 1440»

Кампанія ўдзельнічае ў стварэнні расійскай сістэмы сувязі «Рассвет».

Пра ўвядзенне санкцый супраць беларускага ЗАТ «АэраКасмічныя прыборы», якое ўдзельнічае ў распрацоўцы кампанентаў расійскай спадарожнікавай сістэмы сувязі «Рассвет», паведаміла 30 кастрычніка прэс-служба прэзідэнта Украіны.

У санкцыйны спіс, які датычыцца расійскага праекта, увайшлі 10 кампаній і 19 грамадзян. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі сваімі ўказамі ўвёў у дзеянне адпаведныя рашэнні Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны.

Паводле інфармацыі ўкраінскага боку, беларускае прадпрыемства займаецца распрацоўкай і прататыпаваннем кампанентаў для аэракасмічных сістэм.

Адзначаецца, што асноўным распрацоўшчыкам, каардынатарам і сістэмным інтэгратарам праекта «Рассвет» з'яўляецца расійскае ТАА «Бюро 1440». Паводле інфармацыі ўкраінскага боку, Расія імкнецца стварыць уласную нізкаарбітальную спадарожнікавую сістэму па аналагіі з амерыканскай сістэмай Starlink, якая можа выкарыстоўвацца для кіравання войскамі, навядзення і кіравання ўдарнымі беспілотнікамі і ракетамі ў рэжыме рэальнага часу.

Украінскія санкцыі прадугледжваюць блакаванне актываў, спыненне гандлёвых аперацый, абмежаванне транзіту, забарону на перадачу тэхналогій і шэраг іншых абмежавальных мер.

Кіеў рэгулярна ўводзіць санкцыі ў дачыненні да беларускіх кампаній. Пераважна яны звязаныя з ваенна-прамысловым комплексам.

ЗАТ «АэраКасмічныя прыборы» зарэгістравана ў Мінску 23 снежня 2022 года. Кампанія з'яўляецца рэзідэнтам Мінскага гарадскога тэхнапарку. Згодна з апублікаваным апісаннем дзейнасці, яна распрацоўвае і вырабляе складовыя часткі аэракасмічных сістэм, праектуе доследныя ўзоры камплектуючых і бартавых прылад.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲