У Кітаі лекар «вылячыў» схуднелае дзіця з дапамогай KFC
3- 16.11.2026, 22:39
- 2,734
Ад атрыманага пачастунку школьнік не здолеў стрымаць эмоцый.
У Кітаі лекар «вылячыў» схуднелае дзіця з дапамогай замовы з рэстарана KFC, піша Mothership.
Сям'я з правінцыі Хэнань прывяла да лекара дзіця, паскардзіўшыся, што школьнік практычна нічога не есць. З-за гэтага ён моцна схуднеў і выглядаў хваравіта. Бабуля хлопчыка лічыла, што ў яго недахоп кальцыю. Падчас размовы з пацыентам лекар даведаўся, што дзіця можа нармальна паесці, але толькі не дома.

Лекар вырашыў праверыць гэтую тэорыю і замовіў падлетку KFC проста ў бальніцу. Атрымаўшы бургер, дзіця з задавальненнем пачало яго есці, запэўніваючы лекара, што без праблем даесць усю замову. У пэўны момант школьнік нават расплакаўся ад атрыманага пачастунку. Пагаварыўшы з сваякамі пацыента, лекар выказаў здагадку, што яму проста не падабаецца хатняя ежа.
Пасля таго як пра гэтую гісторыю даведаліся карыстальнікі сацсетак, людзі пачалі жартаваць, што лекар знайшоў лек ад дрэннага апетыту. Іншыя каментатары пацікавіліся, чым жа хлопчыка кормяць дома.

