Навукоўцы: дзеці з музычнай адукацыяй дэманструюць больш высокі IQ
2- 16.11.2026, 23:29
Даследчыкі вывучылі структуру белага рэчыва мозгу ў дзяцей-музыкаў.
Дзеці ва ўзросце сямі–дзевяці гадоў, якія рэгулярна граюць на музычных інструментах, паказваюць больш высокія вынікі ў тэстах на інтэлект, памяць і навучальныя навыкі, чым іх аднагодкі без музычнай адукацыі. Да такіх высноў прыйшлі даследчыкі Паўночна-Усходняга ўніверсітэта ЗША. Праца апублікавана ў часопісе Developmental Cognitive Neuroscience.
Навукоўцы прааналізавалі даныя 175 дзяцей, якія ўдзельнічалі ў даследаванні FITKids2. З іх 38 займаліся музыкай больш за 30 хвілін на тыдзень. Найчасцей дзеці гралі на фартэпіяна, радзей — на скрыпцы, віяланчэлі, гітары і укулеле. Даследчыкі параўналі іх вынікі кагнітыўных тэстаў і праверкі акадэмічных навыкаў з паказчыкамі аднагодкаў, падабраных паводле ўзросту, полу і сацыяльна-эканамічнага статусу сям'і.
Дзеці з музычнай адукацыяй прадэманстравалі больш высокія паказчыкі агульнага інтэлекту, мыслення, вербальнага разумення, прасторавых здольнасцяў і працоўнай памяці. Яны таксама лепш спраўляліся з заданнямі на чытанне, матэматыку і пісьмовае маўленне.
У часткі ўдзельнікаў навукоўцы вывучылі структуру белага рэчыва мозгу — нервовых валокнаў, што злучаюць розныя вобласці нервовай сістэмы. Асаблівую ўвагу надалі дугападобнаму пучку, які злучае зоны, задзейнічаныя ў апрацоўцы гукавой інфармацыі, маўлення і руху.
У дзяцей, якія займаюцца музыкай, выявілі магчымыя адрозненні на ўчастку гэтага шляху ў правым паўшар'і, які злучае слыхавую і маторную вобласці. Аднак пасля статыстычнай папраўкі вынік перастаў быць значным. Таму пакуль нельга ўпэўнена сцвярджаць, што музычныя заняткі звязаныя са зменамі структуры гэтага ўчастка мозгу.
Аўтары падкрэсліваюць: даследаванне не даказвае, што менавіта заняткі музыкай непасрэдна павышаюць інтэлект. Магчыма, дзеці, якія навучаюцца ігры на інструментах, таксама часцей удзельнічаюць у іншых развіццёвых занятках або атрымліваюць больш падтрымкі ад сям'і. Акрамя таго, даследчыкі не ацэньвалі працягласць навучання і ўзровень майстэрства юных музыкаў.