Сітуацыя нагадвае байку Крылова
- Алесь Гудыя
- 28.11.2026, 19:45
Муравейка загадае фарбаваць траву ў зялёны колер?
У лістападзе Віцебская вобласць атрымала новага кіраўніка. Ім стаў Павел Муравейка — генерал, кадравы вайсковец, якому Аляксандр Лукашэнка наўпрост паставіў задачу «уводзіць армейскую дысцыпліну» у рэгіёне са слабым эканамічным ростам і цяжкай фінансавай спадчынай. Ці дапаможа Віцебшчыне «ваенны менеджмент» (гэта ўжо выраз самога Муравейкі)?
Старыя праблемы і новы кіраўнік
Віцебская вобласць усё часцей апынаецца ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва краіны. Лукашэнка рэгулярна крытыкуе становішча спраў у гэтым рэгіёне, хаця праблемы ўзніклі далёка не ўчора.
Яны назапашваліся гадамі, выяўляючыся ў слабых выніках прамысловасці і сельскай гаспадаркі, растучых запазычанасцях прадпрыемстваў, неабходнасці пастаянна аказваць дзяржаўную падтрымку. Не кажучы ўжо пра тамтэйшыя беды ў плане дэмаграфіі і рынку працы, якія, праўда, уласцівыя ўсім рэгіёнам Беларусі.
У выніку адны праблемы тут накладваліся на іншыя, але так і не знаходзілі эфектыўнага рашэння.
Не дапамагалі і кадравыя перастаноўкі. Кіраўнікі вобласці змяняліся, а эканамічныя цяжкасці заставаліся. Цяпер выпраўляць сітуацыю даручана кадраваму вайскоўцу.
Дарэчы, пасля 2020 года прызначэнне сілавікоў на грамадзянскія пасады стала ўжо тэндэнцыяй у беларускай сістэме кіравання. Але ці здольная армейская дысцыпліна вырашыць сацыяльна-эканамічныя праблемы, якія гадамі не ўдавалася вырашыць грамадзянскім чыноўнікам?
Ваенны менеджмент — гэта найперш пра дысцыпліну і безумоўнае выкананне пастаўленых задач. Толькі тут загадваць будуць эканоміцы.
Ваенны кіраўнік можа дамагчыся дакладнага выканання сваіх распараджэнняў, але зваротным бокам з’яўляецца тое, што такі падыход зусім не гарантуе эканамічнай эфектыўнасці, а то і наогул мэтазгоднасці. Спроба дабіцца выніку любой цаной здольная нарадзіць новыя праблемы — але гэта ўжо стане галаўным болем наступнага кіраўніка.
Але перад тым як ацэньваць перспектывы армейскага кіравання Віцебскай вобласцю, варта разабрацца, што менавіта адбываецца з эканомікай рэгіёна і чаму назапашаныя праблемы аказаліся настолькі сур’ёзнымі.
Пастаянна ў хвасце
Не тое каб іншыя вобласці эканамічна адчувалі сябе добра, але праблемы Віцебшчыны на фоне астатніх рэгіёнаў асабліва маштабныя. У 2025 годзе яе валаўы рэгіянальны прадукт скараціўся на 1,1%, тады як эканоміка краіны вырасла на 1,3%. За студзень — кастрычнік 2026 года вобласць дадала толькі 0,6% супраць 2,1% па Беларусі, паказаўшы найгоршы вынік сярод рэгіёнаў.
Сітуацыю пагаршае фінансавае становішча прадпрыемстваў. На 1 верасня 2026 года іх сукупная запазычанасць дасягнула 26,5 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 13,1%.
Асабліва вырасла крэдыторская запазычанасць — на 36,2% супраць 5,8% у сярэднім па краіне. Пры гэтым рэнтабельнасць продажаў прамысловых прадпрыемстваў вобласці ў 2024 годзе складала ўсяго 0,4%, у 2025-м паднялася да 6,9%, але засталася ніжэй за рэспубліканскія 9%.
Уразлівая прамысловасць
Парадакс у тым, што Віцебшчына мае досыць магутную прамысловую базу, аднак менавіта такая структура робіць эканоміку рэгіёна ўразлівай.
Амаль дзве трэці прамысловай вытворчасці вобласці сканцэнтраваныя ў двух гарадах — Наваполацку (36,4%) і Віцебску (29,4%). Асаблівае месца займаюць нафтаперапрацоўка і нафтахімія, перадусім наваполацкі «Нафтан», вынікі якога залежаць ад кошту сыравіны, знешніх рынкаў і экспартнай лагістыкі.





У 2025 годзе прамысловасць вобласці скараціла выпуск на 4%, а экспарт тавараў упаў амаль на трэць. Пры гэтым іншыя галіны, уключаючы машынабудаванне, лёгкую і харчовую прамысловасць, не змаглі кампенсаваць негатыўную дынаміку найбуйнейшых вытворчых цэнтраў. У выніку вобласць застаецца моцна залежнай ад знешняй кан’юнктуры і становішча асобных прадпрыемстваў.
Спробы выправіць становішча прадпрымаліся далёка не першы год. У рэгіён пастаянна накіроўваліся дадатковыя бюджэтныя сродкі, тут рэалізоўваліся інвестыцыйныя праекты, аднак часцей без чаканай аддачы. У выніку — высокая даўгавая нагрузка і недастатковая эфектыўнасць інвестыцый накладаліся адна на адну.
Да гэтага дадаецца кадравая праблема: за 2016–2026 гады насельніцтва вобласці скарацілася на 9,7% — больш, чым у любым іншым рэгіёне Беларусі. Пры такой дынаміцы ўсё складаней забяспечваць прадпрыемствы работнікамі, развіваць вытворчасці і падтрымліваць эканоміку раёнаў.
Фарбуем траву ў зялёны колер?
Сітуацыя ў Віцебскай вобласці ўсё больш нагадвае знакамітую байку Крылова: «А вы, сябры, як ні сядзеце…»
Чарговы кіраўнік атрымлівае ў спадчыну праблемы папярэдніка і спрабуе вырашаць іх тымі ж метадамі: дадатковай дзяржаўнай падтрымкай, рэструктурызацыяй даўгоў, новымі інвестыцыйнымі праграмамі і выратаваннем неэфектыўных прадпрыемстваў.
Праблема ў тым, што дзейнічаць інакш чарговаму абласному начальніку практычна не дазваляюць самі прынцыпы беларускай эканамічнай мадэлі. Дзяржава вызначае, якія прадпрыемствы павінны працаваць, што вырабляць і куды накіроўваць інвестыцыі, а эканамічная мэтазгоднасць саступае месца выкананню пастаўленых зверху задач.
Нават калі ўлады спрабуюць прыцягнуць да вырашэння праблем прыватны бізнес, гэта часта адбываецца не праз рынкавыя механізмы, а праз перадачу прадпрыемстваў набліжаным да ўлады прадпрымальнікам. Па сутнасці, прыватнік ператвараецца ў яшчэ аднаго прызначанага зверху кіраўніка, якому даручаюць навесці парадак на нейкім аб’екце або на пэўнай тэрыторыі.
Загад не абмяркоўваецца
Цяпер на такую адміністрацыйна-камандную мадэль мяркуецца накласці яшчэ і армейскую дысцыпліну.
І калі папярэднія кіраўнікі не маглі адмовіцца ад эканамічна сумнеўных праектаў і былі вымушаныя выконваць рашэнні, прынятыя наверсе, дык чаму кадравы генерал павінен дзейнічаць інакш? Больш за тое, ваенная сістэма кіравання не прадугледжвае абмеркавання загаду.
Такім чынам, праблемы адміністрацыйнага кіравання хочуць вырашаць узмацненнем таго ж адміністрацыйнага кіравання, толькі цяпер з ваенным ухілам. Улада фактычна прызнае неэфектыўнасць уласнай сістэмы, аднак замест таго, каб ліквідаваць прычыны, упавае на яшчэ больш жорсткую дысцыпліну.
Гэта нагадвае вядомую армейскую практыку фарбавання травы ў зялёны колер: звонку парадак навядзены, загад выкананы, начальства задаволена, але толку нуль.
Алесь Гудыя, «Позірк»