У Германіі адрэагавалі на дзіўную ідэю Пуціна пра перамовы з ЕС
8- 10.05.2026, 18:17
- 2,224
У Берліне скептычна паставіліся да прапановы Крэмля зрабіць Гергарда Шрэдэра пасярэднікам.
У Берліне не ў захапленні ад ідэі Крэмля прызначыць былога канцлера Германіі Гергарда Шрэдэра галоўным прадстаўніком ЕС на перамовах з РФ пра мір ва Украіне. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на неназванага прадстаўніка нямецкага ўрада.
Выданне нагадвае, што прэзідэнт Еўрапейскага савета Антоніу Кошта нядаўна выказаў перакананне, што ў Еўрасаюза ёсць «патэнцыял» для перамоў з Расіяй пра будучую архітэктуру бяспекі ў Еўропе. Учора Уладзімір Пуцін заявіў, што Шрэдэр быў бы найлепшым пасярэднікам, калі б такія перамовы сапраўды пачаліся.
Каментуючы гэтую заяву расійскага дыктатара, неназваны суразмоўца Reuters адзначыў, што прапанова Крэмля не з'яўляецца пераканаўчай, паколькі Масква не адступіла ад сваіх максімалісцкіх патрабаванняў. Па яго словах, першым тэстам на здольнасць Расіі да перамоваў стане гатоўнасць Масквы працягнуць трохдзённае спыненне агню, якое працягваецца цяпер.
Акрамя таго, прадстаўнік нямецкага ўрада дадаў, што Пуцін вылучыў шэраг ілжывых прапаноў, накіраваных на раскол заходняга альянсу. З улікам гэтага Берлін не бачыць ніякіх прыкмет зацікаўленасці Масквы ў сур'ёзных перамовах.
Хто такі Гергард Шрэдэр
Гергард Шрэдэр быў федэральным канцлерам Германіі ў 1998–2005 гадах і стаў адным з найяскравейшых сімвалаў прарасійскай палітыкі ў Заходняй Еўропе. Падчас свайго знаходжання на пасадзе ён актыўна прасоўваў энергетычнае партнёрства з РФ, што прывяло да значнай газавай залежнасці ФРГ. Менавіта Шрэдэр быў тым, хто прасунуў ідэю будаўніцтва сумна вядомага «Паўночнага патоку», падпісаўшы адпаведнае пагадненне з Уладзімірам Пуціным літаральна за некалькі тыдняў да сваёй адстаўкі ў 2005 годзе.
Пасля заканчэння палітычнай кар'еры Шрэдэр хутка перайшоў працаваць у расійскія энергетычныя кампаніі. Усяго праз некалькі тыдняў пасля адстаўкі з пасады канцлера ён узначаліў камітэт акцыянераў кампаніі Nord Stream AG, а пазней займаў вышэйшыя пасады ў наглядальных радах «Газпрама» і «Раснафты». За гэтую «працу» ён атрымліваў касмічныя заробкі, якія крытыкі лічылі «аплатай» за яго прарасійскую дзейнасць падчас канцлерства.
Пасля паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года Шрэдэр асудзіў агрэсію як «памылку», але захоўваў блізкія адносіны з Пуціным і адмаўляўся дыстанцыявацца ад яго. Ён спрабаваў выступаць неафіцыйным пасярэднікам, крытыкаваў «дэманізацыю» Расіі, заклікаў да аднаўлення энергеты чнага супрацоўніцтва і лічыў, што Захад і ЗША сарвалі магчымыя мірныя пагадненні вясной 2022 года.