Усік прыбыў у Егіпет на чэмпіёнскі паядынак з Верхувенам
- 17.05.2026, 19:04
Бой адбудзецца ля падножжа старажытных пірамід Гізы.
Чэмпіён свету ў суперцяжкай вазе Аляксандр Усік прыбыў у Егіпет, дзе правядзе паядынак супраць кікбаксёра Рыко Верхувена.
Усік у атачэнні сваёй каманды паведаміў, што ўжо знаходзіцца ў Каіры і гатовы да бою.
«Прывітанне, Каір. Салам алейкум, Каір. Мы тут, мы гатовыя біцца», — сказаў украінскі чэмпіён.
Oleksandr Usyk has arrived in Egypt 🇪🇬
The heavyweight king will face Rico Verhoeven at the Pyramids of Giza on Saturday night ⭐
Glory in Giza | May 23rd | LIVE on DAZN 🥊 pic.twitter.com/KqMiWEOe7H
— Ring Magazine (@ringmagazine) May 17, 2026
Бой Усік — Верхувен адбудзецца 23 мая ў гістарычным сэрцы Егіпта — ля падножжа старажытных пірамід Гізы. На кану будзе тытул чэмпіёна свету па версіі WBC у суперцяжкай вазе. Таксама пераможца паядынку атрымае спецыяльны пояс «Кароль Ніла».
Летась Усік другі раз стаў абсалютным чэмпіёнам у суперцяжкай вазе, нокаутаваў брытанца Даніэля Дюбуа ў пятым раўндзе. Пазней Аляксандр страціў званне абсалютнага чэмпіёна, адмовіўшыся ад тытула WBO.
Верхувен лічыцца адным з найвялікшых кікбаксёраў усіх часоў. Ён больш за 11 гадоў утрымліваў тытул чэмпіёна свету ў цяжкай вазе па версіі Glory. На баксёрскім рынгу Верхувен дэбютаваў у 2014-м, перамогшы венгра Янаша Фінферу нокаутам у другім раўндзе. Пасля гэтага ён працягнуў кар’еру ў кікбоксінгу.