Ці баіцца Пуцін расіян?
2- 21.05.2026, 20:22
Дыктатар усталяваў рэкордную паўзу ў паездках па РФ.
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін усталяваў рэкорд па працягласці перапынку ў паездках па рэгіёнах Расіі. Паводле дадзеных журналістаў, такой паўзы не было нават падчас пандэміі COVID-19.
Пра гэта паведамляе «Агенцтва. Навіны».
Апошняя паездка Пуціна ў расійскі рэгіён адбылася яшчэ 6 лістапада 2025 года, калі ён наведаў Самару. З таго часу дыктатар не выязджаў за межы рэгіёнаў, дзе знаходзяцца яго асноўныя рэзідэнцыі.
Паводле журналістаў, цяперашняя паўза ўжо дасягнула 196 дзён і стала самай доўгай нават у параўнанні з перыядам пандэміі COVID-19.
З пачатку 2026 года большая частка публічных мерапрыемстваў з удзелам Пуціна праходзіла ў Крамлі, Нова-Агарове або ў межах Масквы і Санкт-Пецярбурга. Адным з першых яго публічных мерапрыемстваў у 2026 годзе стаў закрыты візіт на калядную службу ў храм на тэрыторыі базы ГРУ «Сенеж» у Падмаскоўі.
Таксама Пуцін наведваў студэнтаў МФТІ ў Даўгапрудным і ўдзельнічаў у мерапрыемствах да гадавіны зняцця блакады Ленінграда. Пры гэтым цырымонія ў Санкт-Пецярбургу ўпершыню прайшла без гледачоў.
Журналісты дапускаюць, што працяглая адмова ад паездак можа быць звязаная з асцярогамі Пуціна адносна ўласнай бяспекі. Бо напрыканцы 2025 года расійскія ўлады заяўлялі пра нібыта спробу атакі на рэзідэнцыю Пуціна на Валдаі. Хоць заходнія лідары, у прыватнасці Дональд Трамп, ставілі пад сумнеў праўдзівасць гэтых заяваў.
Нават падчас пандэміі максімальны перапынак у паездках Пуціна складаў 132 дні, а да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне перапынкі паміж візітамі звычайна не перавышалі 45 дзён.