22 траўня 2026, Пятніца, 13:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка і вайна ва Украіне: Сабаленку крытыкуюць за інтэрв’ю Vogue

4
Лукашэнка і вайна ва Украіне: Сабаленку крытыкуюць за інтэрв’ю Vogue
Арына Сабаленка
Фота: Getty Images

Першая ракетка свету спрабуе пераканаць усіх, што яна па-за палітыкай.

Сусветна вядомы модны часопіс Vogue размясціў на сваёй майскай вокладцы беларускую спартсменку Арыну Сабаленку – люксовыя брэнды цяпер пачалі прасоўваць сябе праз тэніс, які прыцягвае багацеяў як забаўку. Першая ракетка свету на пачатку года атрымала кантракт з Gucci, а цяпер прасунула адзенне гэтай маркі на фотасесіі ў выданні, піша «Трыбуна».

Пагаварыла тэнісістка ў інтэрв’ю Vogue і пра «хейт ад людзей з туру» – маўляў, ён быў з нагоды вайны ва Украіне. Як сфармуляваў ад сябе Vogue, «некаторыя гульцы абвінавачваюць Сабаленку ў адкрытай падтрымцы вайны, іншыя — што яна не выкарыстоўвае сваю платформу для больш рашучага асуджэння». А спартсменка заявіла, што «спорт — гэта месца, дзе можна аб’яднацца, а не ваяваць адно з адным, быццам у нас уласная вайна», назваўшы ўкраінцаў і беларусаў «аднолькавымі» і «даўно цесна звязанымі».

Але ўкраінцам не атрымліваецца аб’ядноўвацца з Сабаленкай, якая за ўвесь час вайны нават не змагла сказаць, хто атакуе, а хто абараняецца. Нават у гэтым інтэрв’ю яна заявіла, што «яны павінны з дапамогай перамоў разабрацца з гэтым лайном», але хто тыя «яны» — не ўдакладніла. Калі ў 2023-м украінская журналістка Tribuna.com Дар’я Мяшчаркова задала спартсменцы пытанне на тэму такой прамоты, якой заходнія калегі з таго часу так і не дасягнулі, Сабаленка замест таго, каб «казаць, як адчувае», проста адмовілася адказваць. На наступную прэс-канферэнцыю ўвогуле не прыйшла, бо, маўляў, «не адчувала сябе ў бяспецы» пад цяжарам нязручных слоў.

Увогуле тэнісістка гадамі адбіваецца словамі, што не падтрымлівае вайну, і цяпер кажа, што яе не хоча. Але ўчынкі з гэтымі словамі не карэлююць. Украінская калега Аляксандра Алійнікава месяц таму асобна адзначала, што Сабаленка падтрымала лайкам (для лукашэнкаўскіх «судаў» лайк можа быць падставай пасадзіць за краты, таму дзеянне сур’ёзнае) зварот расійскай тэлевядучай Вікторыі Боні да кіраўніка тамтэйшага рэжыму Уладзіміра Пуціна — яна спрабавала пераканаць, што да яго «не даходзіць рэальная інфармацыя» пра праблемы, але вайну ніяк не крытыкавала і заявіла, што асабіста падтрымлівае Пуціна. Яшчэ больш істотны факт: беларуская спартсменка з 2025-га супрацоўнічае з праектам, за якім стаіць расійская букмэкерская кантора, а яна не цураецца «СВА», як там называюць вайну ва Украіне.

Цяпер Сабаленка сказала, што з павагай ставіцца да таго, што ўкраінскія саперніцы не паціскаюць ёй руку, але не лічыць гэта чымсьці асабістым. Аднак хто яшчэ асабіста казаў, што не бачыць праблемы надзець стужку колераў украінскага сцяга, а потым так і не надзеў?

Успамінулі ў Vogue і Аляксандра Лукашэнку — калі Сабаленка распавядала пра развіццё кар’еры ў юным узросце, то асобна падзякавала за ўнёсак бізнесмену Аляксандру Шакутыну, а выданне патлумачыла, што на яго накладзены санкцыі ЕС з-за блізкасці да «аўтарытарнага прэзідэнта», як яны назвалі дыктатара. Калісьці тэнісістка адчувала «вельмі шмат хейту» на свой адрас і ў кантэксце беларускага рэжыму. А менавіта восенню 2020-га, калі Лукашэнка толькі што сфальсіфікаваў «выбары» і душыў масавыя мірныя пратэсты ў гвалце. Сабаленка ж у 2019-м казала, што Лукашэнка «ў шырокім сэнсе быў і застаецца» ў яе камандзе, а пасля «выбараў» казала, што супраць гвалту і за мір, не тлумачачы, хто вінаваты ў наяўнасці першага і адсутнасці другога. Затое ў дзень чарговага масавага збівання беларусаў публічна занепакоілася сваім макіяжам — а на пытанні пра адпаведнасць моманту раіла незадаволеным «паразумнець», называла «нікем» і пісала, што, «на жаль, і такіх зямля носіць».

Неўзабаве пасля гэтага Сабаленка ўвайшла ў спіс падпісантаў за дыктатара, а потым прыйшла да яго святкаваць Новы год. Толькі ў 2023-м тэнісістка, якая адначасова ўмудралася сцвярджаць, што «спорт па-за палітыкай», прамовіла, што на дадзены момант не падтрымлівае Лукашэнку.

Сабаленка спрабуе пераканаць усіх, што яна па-за палітыкай. Вось прыклады, дзе адразу відаць: Арына заўсёды вельмі-вельмі старалася дыстанцыявацца ад яе

Увогуле непрыемныя для Сабаленкі пасланні ад гледачоў і ад калег выглядаюць не хейтам, а зразумелай пазіцыяй — адказнай рэакцыяй на канкрэтныя дзеянні і поўную адсутнасць канкрэткі ў шэрагу пытанняў, ад якіх нібыта заўсёды шчырая і прамая тэнісістка нязменна ўхіляецца. Што не замінае ёй мець адчуванне, што «ў жыцці было ўсё, што толькі можна сабе ўявіць» — падманлівае, калі ў біяграфіі няма эпізодаў выжывання ні ў ізалятарах на Акрэсціна, ні пад ракетнымі абстрэламі, як ва Украіне.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках