27 чэрвеня 2026, Субота, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым далей, тым цудасней

4
Чым далей, тым цудасней

Як Лукашэнка ад ультыматуму бегаў.

Чым далей, тым цудасней разгортваецца гісторыя з пералётамі расейскіх дронаў праз нашу тэрыторыю. Амаль кожная новая заява бакоў усё больш блытае і без таго не надта ясную карціну рэчаіснасці.

Яшчэ пару дзён таму сітуацыя з рэтранслятарамі на мяжы РБ – Украіна, якія выкарыстоўваюцца для навядзення расейскіх дронаў, была больш-менш яснай. Украіна ўжо даволі даўно казала пра тое, што яны ёсць, а характар выкарыстання паветранай прасторы Беларусі пацвярджаў гэтыя словы ўкраінскага боку — дроны ляталі праз Беларусь для бамбавання ўкраінскіх гарадоў.

Стаўкі рэзка павысіліся тыдзень таму, калі Зяленскі адкрыта паставіў ультыматум Мінску: або прыбіраеце апаратуру, або мы самі яе прыбяром.

Першая рэакцыя белпрапаганды пайшла па двух лініях: а) нас не ўцягнуць у вайну ні тушкай, ні пудзілам! б) пра якія рэтранслятары гаворка? Ідзі проспіся, наркаман!

Прычым першы наратыў гучыць рэфрэнам ужо больш за чатыры гады, і ў ім няма нічога асабліва новага. А вось другі з’явіўся пасля таго, як жаданне пазбягаць слова на літару «Р» стала ўжо зусім камічным.

У выніку дзяржпрапаганда вырашыла зрабіць выгляд, што ніякіх рэтранслятараў не было, і «Валодзю прымроілася». Для гэтага актыўна раскручвалася стандартная байка расейскай прапаганды пра «наркамана Зяленскага».

Паралельна з гэтым Лукашэнка засабіраўся ў працяглую камандзіроўку, або, як пажартавалі ў сацсетках, на «спецыяльную турыстычную аперацыю». Сітуацыя накалялася да мяжы, а многія аналітыкі ўжо пачалі разважаць на тэму: «бахнуць ці не». І калі так, то куды і наколькі моцна.

Аднак на фоне максімальнай напружанасці адносін паміж дзвюма краінамі маніторынгавыя каналы, як украінскія, так і беларускія, адзначылі паўзу ў пералётах дронаў над Беларуссю. У гэты ж час Уладзімір Зяленскі зрабіў заяву пра тое, што рэтранслятары перасталі працаваць, і тым самым абвясціў сябе пераможцам у гульні мускуламі супраць афіцыйнага Мінска.

Уласна, гэтая яго заява супала з пікам потуг белпрапагандыстаў абвінаваціць украінскага прэзідэнта ў неадэкватнасці і галюцынацыях.

У сваю чаргу белдыпламатыя, якая пераняла пацанскі стыль вядзення міжнародных адносін у расейскіх калег, выдала настолькі хамскі і агідны тэкст аўтарства Андрэя Дапкюнаса, пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН, што яго спачатку апублікавалі, а потым выдалілі (!) дзяржаўныя СМІ. Нячастая гісторыя для прапаганды.

І тут адбываецца тое, што блытае карты ўсім: і лукашыстам, якія кажуць, што няма ні дронаў, ні рэтранслятараў і мы наогул за мір ва ўсім свеце, і ўкраінскаму прэзідэнту, які сцвярджае, што рэтранслятары адключаныя. Расейскія дроны зноў ляцяць праз тэрыторыю Беларусі, прычым настолькі актыўна і дэманстрацыйна, што іх летняй ноччу цудоўна чуюць жыхары Гомеля.

Міністр замежных спраў Ігар Сібіга пры гэтым заявіў, што Украіна не разглядае магчымым уцягванне Беларусі ў вайну і будзе сіметрычна адказваць на ўсё, што робіць Мінск.

У выніку мы маем тры рэальнасці.

Першая – у якой лукашысты перамаглі ў інфармацыйнай сутычцы з украінцамі. Злавілі суседзяў на неадэкватнасці і падкрэслілі мудрасць незмяняльнага.

Другая – у якой украінцы дамагліся адключэння рэтранслятараў і выйшлі са складанай сітуацыі неабходнасці адказваць за словы пастаўленага ультыматуму і ўсё ж прыбраць апаратуру самастойна.

І трэцяя – у якой расейскія дроны зноў лятаюць над нашымі гарадамі, каб бамбіць украінскія гарады.

На жаль, пры ўсіх ваенна-дыпламатычных заблытанасцях сюжэту трэцяя рэальнасць застаецца самай рэальнай. Удары працягваюцца, наша неба выкарыстоўваецца для іх, а ва Украіне гінуць людзі.

Сяргей Кавальчук, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках