30 чэрвеня 2026, aўторак, 11:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новым аператарам джэта Лукашэнкі стала кампанія бізнесмена, звязанага з міжнароднай злачыннай групоўкай

2
Новым аператарам джэта Лукашэнкі стала кампанія бізнесмена, звязанага з міжнароднай злачыннай групоўкай
Фота: Manuel EstevezR / airplane-pictures.net

Самалёт перарэгістравалі ў Сан-Марына.

Бізнес-джэт, якім раней карысталіся сям'я і атачэнне Аляксандра Лукашэнкі, у маі 2025-га перарэгістравалі ў Сан-Марына. Пасля гэтага аператарам стала кампанія Falcon Luxe, піша Беларускі расследавальніцкі цэнтр.

Яе мацярынская структура звязаная з Мустафам Эгеменам Шэнерам — уладальнікам мінскага H Casino, які фігураваў у расследаванні БРЦ аб магчымым адмыванні грошай для міжнароднай злачыннай групоўкі з Паўночнага Кіпра.

Джэт для самых блізкіх…

У маі 2025 года ў міжнародным аэрапорце Жэневы сфатаграфавалі люксавы джэт. Ён быў афарбаваны ў колеры афіцыйнага беларускага сцяга, але меў рэгістрацыйны нумар T7-AFP у Сан-Марына — юрысдыкцыі, якая арыентавана на замежных уладальнікаў, прапануе падатковыя льготы і не раскрывае ўладальнікаў паветраных суднаў.

Яго зафіксаваў мясцовы фатограф Карантэн Альтэр, які апублікаваў здымак на сайце Pictaero.com, створаным энтузістамі авіяцыі. Гэта быў бізнэс-джэт Gulfstream G550, які з 2020-га звязвалі з сям'ёй і атачэннем Аляксандра Лукашэнкі.

Gulfstream G550 — T7-AFP в Женеве. Фото: pictaero.com / Corentin ALTHERR

Паводле даных з базы Нідэрландскага авіяцыйнага таварыства, тады ж, у маі 2025 года, самалёт атрымаў новы знак. З 2020-га па 2021 год самалёт быў зарэгістраваны ў Беларусі пад нумарам EW-001PJ. Камбінацыю «001» у Беларусі выкарыстоўваюць выключна для бортаў Лукашэнкі.

Найбольш яскравыя прыклады — яго боінгі EW-001PA, EW-001PB і верталёт EW-001PH, набыты расійскім бізнесменам Міхаілам Гуцерыевым, — усе ў афіцыйных дзяржаўных колерах і з надпісам «Беларусь» на борце.

Лукашэнка вядомы сваёй любоўю да нумара «адзін». Яго хакейны нумар — 01, а нумар пашпарта з уцечкі базы ПЦР-тэстаў складаецца толькі з нулёў і адзінак.

Наколькі нам вядома, сам Аляксандр Лукашэнка бізнэс-джэтам Gulfstream G550 не лётаў. Ім карысталася сям'я палітыка.

У 2020 годзе журналісты TUT.BY заўважылі, што джэт лётаў тымі ж маршрутамі, што і сыны Лукашэнкі. Напрыклад, у кастрычніку 2019 года — з Мінска ў Варшаву, дзе праходзіла 48-я Генеральная асамблея Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК), а выконваючы абавязкі першага віцэ-прэзідэнта НАК Беларусі Віктар Лукашэнка узначальваў беларускую дэлегацыю.

З 28 кастрычніка па 8 лістапада 2019 года самалёт быў у ААЭ, дзе Лукашэнка знаходзіўся з афіцыйным візітам. Разам з ім у паездку адправіліся сыны Віктар і Дзмітрый. БРЦ удалося пацвердзіць гэтую інфармацыю з дапамогай даных ад «Кіберпартызанаў». Раней мы таксама пісалі, што гэты самалёт выкарыстоўвала нявестка Лукашэнкі Лілія.

Мы таксама ўсталявалі, што на джэце — ужо з беларускай рэгістрацыяй — разам ляталі «кашалёк» Лукашэнкі Аляксей Аляксін, кіраўнік апарату памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Сяргей Зяленкевіч і Віктар Лукашэнка.

У 2021 годзе джэт трапіў пад санкцыі Вялікабрытаніі, пасля чаго яго перарэгістравалі ў Расіі пад нумарам RA-11003.

Праект «МотолькоПомоги» на пачатку 2022-га паведамляў, што гэты джэт коштам $60 млн Аляксандру Лукашэнку нібыта падараваў расійскі алігарх Мікаіл Гуцерыеў. TUT.BY звязваў самалёт з іншым бізнесменам.

Да рэгістрацыі ў Беларусі ў лютым 2020-га джэт Gulfstream G550 меў аўстрыйскі бортны нумар OE-ILN. Паводле звестак выдання, заказчыкам яго першага рэйсу ў Мінск у 2019 годзе выступала кампанія Eolinus. Яе ўладальніка журналісты звязвалі з ТАА «Юларус», а праз гэтую кампанію — з бізнес-партнёрам Мікалая Вераб’я Аляксеем Чульцом.

У адказ на запыт БРЦ Аляксей Чулец заявіў, што «кампаніі ТАА Юларус і NT Marine (NT Marine OU — эстонская кампанія Чульца. — рэд.) не мелі ніякага дачынення да кампаніі Eolinus, і мне нічога невядома пра гэтую кампанію». Ён адзначыў, што не лётаў на Gulfstream G550 і нічога пра яго не ведае.

…і для вельмі багатых

Пасля перарэгістрацыі ў Сан-Марына аператарам самалёта ў авіяцыйных анлайн-рэестрах пачалі ўказваць кампанію Falcon Luxe — структуру, звязаную з Мустафам Эгеменам Шэнерам, уладальнікам мінскага H Casino, які раней фігураваў у расследаванні БРЦ аб меркаваным адмыванні грошай.

На сайце Falcon Luxe, якая цяпер кіруе сямейным бізнэс-джэтам Лукашэнкі, гаворыцца, што кампанія з'яўляецца падраздзяленнем прыватных чартарных рэйсаў кампаніі Falcon, якая, у сваю чаргу, уваходзіць у Alex Group Investment LLC.

Заснавальнікам і старшынёй Alex Group Investment пазначаны Султан Рашыд Абдула Рашыд Аль Шэне. Гэтае імя ўжо сустракалася ў расследаванні БРЦ аб адмыванні грошай у мінскім казіно H Casino.

Тады мы прыйшлі да высновы, што імя «Султан Рашыд Абдула Рашыд Аль Шэне» можа выкарыстоўваць Мустафа Эгемен Шэнер — турэцкі бізнесмен і афіцыйны ўладальнік аднаго з самых прыбытковых казіно Беларусі на той момант.

Тады мы спасылаліся на дакументы Зямельнага дэпартамента Дубая, з якіх вынікала, што Султан Рашыд Абдула Рашыд Аль Шэне валодаў амаль 90 аб’ектамі нерухомасці ў эміраце. У дакументах таксама быў паказаны нумар тэлефона, аформлены на яго імя.

Пры дадатковай праверцы БРЦ ўстанавіў, што гэты нумар прывязаны да ўліковага запісу Microsoft з імем «Эгемен Шэнер» і яго фатаграфіяй. Гэты ж нумар быў звязаны з яго імем у сэрвісе GetContact. Калі журналісты патэлефанавалі па гэтым нумары і спыталі, ці размаўляюць яны са Шэнерам, суразмоўца гэта пацвердзіў.

У тым жа расследаванні мы ўсталявалі сувязь Мустафы Шэнера з крымінальнай імперыяй Халіля Фалялі — прадпрымальніка, забітага на Паўночным Кіпрэ, якога звязвалі з сеткай нелегальных букмекерскіх сайтаў.

Былы фінансавы дырэктар Фалялі сцвярджаў, што Шэнер мог выкарыстоўваць мінскае казіно для легалізацыі наяўных, атрыманых ад нелегальнага анлайн-гемблінгу ў Еўропе.

Паводле яго слоў, сродкі афармлялі як даход казіно, выводзілі ў Дубай, а затым накіроўвалі на куплю дарагой нерухомасці. Бізнес Шэнера ў Мінску мог працаваць пры пакрыцці людзей, звязаных з сілавымі структурамі і атачэннем Аляксандра Лукашэнкі.

Новыя маршруты

Пасля змены рэгістрацыі на Сан-Марына люксавы джэт сталі часта выкарыстоўваць. З 10 ліпеня 2025 года — першага пасля перарэгістрацыі палёту з Жэневы ў Дубай — самалёт здзейсніў больш за 100 рэйсаў.

Іх геаграфія шырокая: Еўропа, ЗША, Афрыка, Азія і Блізкі Усход. Хутчэй за ўсё, пункт базіравання самалёта знаходзіцца ў Дубаі, бо 53 разы менавіта гэты горад быў або пунктам адпраўлення, або пунктам прыбыцця. Хоць кампанія-аператар самалёта Falcon Luxe займаецца здачай бізнес-джэтаў у арэнду, на яе сайце ў раздзеле «флот» гэтага самалёта няма.

На момант публікацыі не зразумела, ці ідзе гаворка пра перадачу правоў уласнасці на самалёт, пра змену аператара або толькі пра перарэгістрацыю борта.

БРЦ накіраваў запыты Falcon Luxe, Alex Group Investment, Мустафу Эгемену Шэнеру, а таксама прадстаўнікам, звязаным з эксплуатацыяй самалёта, з просьбай пракаментаваць іх ролю ў кіраванні бортам і характар іх адносін з асобамі з атачэння Аляксандра Лукашэнкі. На момант публікацыі адказы не паступілі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках