Gallup: 60% расіянаў лічаць, што эканамічная сітуацыя пагаршаецца
2- 30.06.2026, 17:55
Упершыню за 20 гадоў.
Рэкордныя 60% расіянаў, апытаных у сакавіку—маі, заявілі, што эканамічная сітуацыя ў іх рэгіёне пагаршаецца, сведчаць даныя апытання міжнароднай сацыялагічнай службы Gallup.
Паводле яе даных, гэта першы выпадак за час апытанняў з 2006 года, калі большасць дарослага насельніцтва Расіі заявіла пра пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. Папярэднія пікавыя паказчыкі фіксаваліся ў 2020-м (45%) і 2021-м (50%) падчас пандэміі COVID-19.
Расіяне таксама песімістычна ацэньваюць свой узровень жыцця.
Паводле даных апошняга апытання, 56% рэспандэнтаў заявілі, што іх узровень жыцця пагаршаецца. Гэта самы высокі ўзровень песімізму за ўвесь перыяд назіранняў і першы выпадак за апошнія два дзесяцігоддзі, калі такое меркаванне выказала большасць дарослага насельніцтва краіны.
Сацыёлагі Gallup зафіксавалі раптоўнае падзенне даверу да дзяржаўных інстытутаў і ацэнак свабоды медыя пасля некалькіх гадоў адноснай стабільнасці.
Узровень даверу насельніцтва да арміі, федэральнага ўрада і сумленнасці выбараў зазнаў найбольшае гадавое падзенне за ўвесь час назіранняў. Давер да арміі скараціўся на 13 працэнтных пунктаў — да 66%, да ўрада — на 14 пунктаў, да 53%, а давер да сумленнасці выбараў — на 16 пунктаў, да 40%.
Яшчэ больш пагоршылася ўспрыманне свабоды сродкаў масавай інфармацыі. Гэты паказчык упаў адразу на 25 пунктаў — з рэкордных 59% да новага мінімуму ў 34%.
Апытанні Gallup у Расіі праводзяцца па тэлефоне.