У Крэмлі заблыталіся
3- 6.06.2026, 13:15
- 11,956
Ушакоў і Пяскоў не здолелі дамовіцца, ці адбудзецца візіт спецпрадстаўнікоў Трампа ў Маскву.
У Маскве не могуць вызначыцца, ці адбудзецца ў бліжэйшы час візіт спецпрадстаўнікоў прэзідэнта ЗША ў Расію.
Пра гэта заявіў памочнік кіраўніка Крэмля Юрый Ушакоў, паведамляе news.ru.
Паводле слоў Ушакова, Масква працягвае падтрымліваць кантакты з Вашынгтонам. У прыватнасці, ён звязваецца са спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Стывам Уіткофам і зяцем амерыканскага лідара Джарэдам Кушнерам.
«Пра гэта неаднаразова заяўлялася (пра будучы візіт Уіткофа і Кушнера — рэд.), у тым ліку і я згадваў. Паездка рыхтуецца», — сказаў ён.
Пяскоў казаў супрацьлеглае
Варта адзначыць, што 5 чэрвеня прэс-сакратар кіраўніка Крэмля Дзмітрый Пяскоў запэўніваў, што візіт спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Стыва Уіткофа і зяця амерыканскага лідара Джарэда Кушнера ў Маскву не чакаецца.
Дарэчы, некалькі дзён таму кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў распавёў, што ў бліжэйшы час павінен адбыцца першы візіт Уіткофа і Кушнера ў Кіеў. Паводле яго слоў, пасля гэтага яны паедуць у Маскву.
Пра такі візіт у Кіеў абвясцілі яшчэ на пачатку красавіка, але ён так і не адбыўся.