Лукашэнка зноў уключыў рэтранслятары?
7- 15.07.2026, 14:42
- 2,984
Сёння імі маглі скарыстацца расіяне для ўдару па АЗС пад Жытомірам.
Не выключана, што рэтранслятары ў Беларусі, у якіх расіяне вельмі зацікаўленыя для навядзення «Шахедаў», час ад часу выкарыстоўваюцца для атак на Украіну. Такое меркаванне выказаў саветнік міністра абароны Украіны Сяргей (Флэш) Бескрэстнаў у сваім Telegram-канале.
Паводле яго слоў, сёння а 7:11 кіраваны рэактыўны «Шахед» атакаваў АЗС у Маліне ў Жытомірскай вобласці. Як адзначае спецыяліст, паводле даных украінскіх радыёлакацыйных станцый, дрон праляцеў уздоўж мяжы з Беларуссю, даляцеў да Каростэня прама над трасай. Потым разгарнуўся і паляцеў прама над чыгункай да Маліна, дзе і атакаваў аўтазапраўчую станцыю.
«Падобныя паводзіны ўласцівыя ручному кіраванню БПЛА па камеры. Адлегласць ад пункта атакі да мяжы РФ складае 260 кіламетраў. Гэта задалёка для працы прамога радыёканала. Іншых «Шахедаў» (магчымых рэтранслятараў) у гэты час у паветры не было. Канчатковыя высновы зробяць профільныя службы і падраздзяленні пасля дэтальнага вывучэння сітуацыі», – адзначыў Флэш.
Ён дадае, што праціўніку вельмі трэба і важна атакаваць заходнюю частку Украіны «Шахедамі» з анлайн-кіраваннем, але без рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі яны не могуць гэтага зрабіць.
Нагадаем, Уладзімір Зяленскі у пятніцу, 19 чэрвеня, патрабаваў ад рэжыму Лукашэнкі на працягу тыдня прыбраць рэтранслятары дронаў, якія знаходзяцца ў памежных раёнах Беларусі і якія Расія выкарыстоўвае для каардынацыі атак па ўкраінскай тэрыторыі.
«Ён можа гэта зняць? Думаю, яму будзе дастаткова тыдня, каб гэта зрабіць. Калі ён гэтага не зробіць, гэта зробім мы», — заявіў ён.
24 чэрвеня Зяленскі паведаміў, што рэтранслятары спынілі працу. Паводле яго слоў, пакуль невядома, ці былі гэтыя сістэмы дэмантаваныя.
29 чэрвеня галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Украіны Аляксандр Сырскі заявіў, што рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі яшчэ не прыбралі. Паводле яго слоў, 29 чэрвеня адзін з іх часова ўключалі.