Пасол Расіі ў Беларусі назваў ваенным злачынствам удар БПЛА па аўтобусе
8- 2.07.2026, 19:16
- 1,874
Барыс Грызлоў, які спрабуе ўцягнуць рэжым Лукашэнкі ў вайну, абвінаваціў Украіну ў нападзе.
Удар па аўтобусе ў Бранскай вобласці з’яўляецца скаардынаванай тэрарыстычнай акцыяй. Пра гэта заявіў пасол Расіі ў Мінску Барыс Грызлоў, перадае прэс-служба дыпведамства.
Турыстычны аўтобус Мінск — Гомель — Анапа быў атакаваны каля паўдня ў раёне пункта пропуску «Чырвоны камень» у Бранскай вобласці. На момант удару ў салоне аўтобуса знаходзіліся 19 чалавек, пацярпелі двое кіроўцаў і пасажыр. Гэтыя людзі атрымалі лёгкія раненні. Цяпер усе грамадзяне Беларусі ўжо вярнуліся ў Гомельскую вобласць.
Грызлоў нагадаў, што гэта нібыта «другі ўдар Украіны» па беларускіх грамадзянах на тэрыторыі Расіі. 17 чэрвеня беспілотнік атакаваў пасажырскі аўтобус, які вёз дзіцячую футбольную каманду з Гомельскай вобласці ў Геленджык. Загінула грамадзянка Беларусі, а яшчэ дзевяць чалавек, шасцёра з якіх — дзеці, былі паранены.
Адзначым, Украіна абвяргае ўдары па беларускіх аўтобусах. Незалежныя аналітыкі сыходзяцца ў меркаванні, што за атакамі стаіць Расія.
Нагадаем, раней Лукашэнка папрасіў пасла Расіі не ўцягваць Беларусь у вайну.