Памерла першая прэм'ер-міністр незалежнай Літвы Казіміра Прунскене
1- 30.07.2026, 20:33
- 1,652
Фота: m.nedelia.lt
«Бурштынавая лэдзі» памерла ва ўзросце 83 гадоў.
У 83-гадовым узросце памерла падпісантка Акта аб незалежнасці Літвы ад 11 сакавіка 1990 года, прафесар, першая прэм'ер-міністр незалежнай Літвы Казіміра-Дануце Прунскене, піша Delfi.
Прунскене стала прэм'ер-міністрам першага ўрада незалежнай Літвы 17 сакавіка 1990 года. Тады яе пачалі называць «Бурштынавай лэдзі» — па аналагіі з «Жалезнай лэдзі» Маргарэт Тэтчэр.
Брала ўдзел у выбарах прэзідэнта Літвы ў 2004 і 2009 гадах. У лістападзе 2004 года стала міністрам сельскай гаспадаркі.
У снежні 2010-га ездзіла ў Беларусь назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі. Тады яна казала, што бачыць прагрэс у іх арганізацыі:
«Я зацікаўленая ў тым, каб усё адбывалася дэмакратычна, каб усе мелі шанцы на выбары. Лічу, што наяўнасць некалькіх кандыдатаў — гэта праява дэмакратыі…»
У лютым 2012-га перанесла інсульт, дзве аперацыі, пасля чаго ўпала ў кому, праходзіла рэабілітацыю ў Маскве і вярнулася ў Літву. Апошнія гады паступала няшмат інфармацыі пра тое, як жыве і як сябе адчувае Прунскене. У 2020 годзе паведамлялася, што яна жыла ў сядзібе свайго сына Вайдотаса.
Прунскене ў савецкі час (1965–1986 гг.) выкладала ў Вільнюскім універсітэце, займалася навуковай дзейнасцю ў Венгрыі і ГДР, потым была намеснікам дырэктара Літоўскага інстытута эканомікі сельскай гаспадаркі, рэктарам Інстытута павышэння кваліфікацыі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў народнай гаспадаркі.
У 1988 годзе стала адным з галоўных распрацоўнікаў канцэпцыі эканамічнай самастойнасці Літоўскай ССР і адным з заснавальнікаў руху Саюдыс, уваходзіла ў яго ініцыятыўную групу і Савет сейма. Стала намеснікам старшыні Савета міністраў Літоўскай ССР (1989–1990). Была абраная народным дэпутатам СССР і ўдзельнічала ў працы Вярхоўнага Савета СССР і З'езда народных дэпутатаў СССР. У лютым 1990 года была абраная дэпутатам Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР. 11 сакавіка 1990 года была ў ліку падпісантаў Акта аб аднаўленні незалежнасці Літвы.